Коул анансаваў вызваленне беларускіх палітвязняў
2- 23.08.2026, 4:42
ФОТА: REUTERS
У бліжэйшы час.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул паведаміў, што неўзабаве чакае вызвалення беларускіх палітвязняў. Пра гэта ён заявіў выданню New York Times.
Джон Коул прызнаўся, што да яго звярнуўся расійскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Дзмітрый Муратаў з просьбай садзейнічаць абмену цывільнымі зняволенымі паміж Расіяй і Украінай. Амерыканскі палітык адзначыў, што плануе выкарыстаць свае сувязі, каб дапамагчы і расійскім палітвязням.
Аднак Коул адзначыў, што спачатку ён хоча дамагчыся вызвалення астатніх беларускіх палітвязняў. Коул сказаў, што чакае хуткага маштабнага абмену.
Тым часам Джон Коул паведаміў выданню, што з пачатку амерыкана-беларускіх перамоў удалося вызваліць больш за 500 палітвязняў.
Нагадаем, паводле стану на 22 жніўня ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 878 чалавек.