23 жнiўня 2026, Нядзеля, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму індыйскі медыцынскі прэпарат забіў дзевяць беларусаў?

3
Чаму індыйскі медыцынскі прэпарат забіў дзевяць беларусаў?

Кампанія, якая вырабіла прэпарат, не мае сертыфікатаў у ЗША і ў большасці краін Еўропы.

Выданне «Зеркало» і арганізацыя Belpol даведаліся, што са студзеня па май 2026 года ў Беларусі памерлі як мінімум дзевяць пацыентаў, якім падчас аперацый на сэрцы ўводзілі адзін і той жа індыйскі адэназін — прэпарат «Кардыурэкс» (Cardiurex) кампаніі Welcure Remedies. У ім пазней выявілі рэшткі бактэрый. Чаму няякасны прэпарат трапіў у аперацыйныя, у «Студыі» на «Белсаце» распавёў медык Станіслаў Салавей.

Суразмоўца падкрэсліў, што без усіх дакументаў цяжка сказаць, ці было гэта выпадковым збегам абставінаў або заканамерным вынікам працы сістэмы. Неабходнае паўнавартаснае разбіральніцтва.

«У любым выпадку, такія сітуацыі, на жаль, здараюцца. Яны здараюцца нават у краінах з вельмі жорсткім рэгуляваннем кшталту ЗША», — падкрэсліў ён.

Кампанія, якая вырабіла прэпарат, не мае сертыфікатаў у ЗША і ў большасці краін Еўропы, адзначыў Салавей. Яна мае толькі лакальныя сертыфікаты. Іх нібыта павінна хапаць, яны, нібыта, адпавядаюць стандартам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Але, працягвае Салавей, вядома, што атрыманне мясцовага сертыфіката прасцейшае: у Беларусь не прыязджаюць эксперты з ЗША, не праводзяць жорсткую праверку ўсяго ланцужка паставак. І трэба зразумець, як менавіта прэпарат трапіў у Беларусь:

«У Беларусі даволі жорсткі фармакакантроль, як бы дзіўна гэта ні гучала, і тэарэтычна ўсе партыі даследуюцца. І тут узнікае лагічнае пытанне: уся партыя была няякасная — ці ў ёй быў нейкі 1% [з бракам], і выбарачны кантроль проста яго прапусціў у сілу статыстыкі? Ці ж ён ішоў па паскоранай працэдуры, што дазваляе пазбегнуць [кантролю], абапіраючыся на паперы, прадстаўленыя заводам-вытворцам?»

Адна з найважнейшых адметнасцяў кантролю лекаў у Еўразвязе і Злучаных Штатах — немагчымасць падрабіць дакументацыю і вынікі ўжо праведзеных тэстаў, заўважыў Салавей. Індыйскае заканадаўства не настолькі жорсткае, меркаваць па частаце адклікання лекаў. На нешта маглі «заплюшчыць вочы» яшчэ ў Індыі на заводзе вытворцы, бо адклікаць партыю дорага. Моглі выпадкова прапусціць брак на этапе кантролю партыі. Але бяду выявілі на тым этапе, калі прэпарат ужо забіў пацыентаў.

Праблема не толькі ў смерцях людзей, але і ў рэакцыі сістэмы

З аднаго боку, прэпарат выкарыстоўваўся падчас аперацый на сэрцы, калі пацыенты максімальна ўразлівыя. У Брэсцкай абласной бальніцы прэпарат увялі 13 пацыентам — памерлі восем. У пацыентаў, як вынікае з злітых дакументаў, развіўся стэрнамедыясцыніт — інфекцыйны працэс, калі запаляецца і нагнаваецца грудзіна і тканкі ўнутры грудной клеткі. У траіх пачаўся сепсіс, у двух была генералізаваная інфекцыя. У мінскім РНПЦ «Кардыялогія» прэпарат атрымалі дзевяць пацыентаў — васьмярых выратавалі, адзін памёр. У ўсіх выявілі высокарэзістэнтныя бактэрыі, а таксама дыягнаставалі сепсіс.

«Запаленне пасля аперацыі можа быць! Але калі яно рэзкае і масавае, нешта не так», — падкрэсліў Салавей.

З іншага боку, адзначыў Салавей, гэта прэпарат адносна вузкага прымянення, што мінімізавала наступствы: бальніц, дзе робяць такія аперацыі, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Калі б гэта быў прэпарат шырэйшага прымянення, ахвяр магло быць больш.

Бяда ў тым, што Брэсцкая бальніца не паведаміла пра выяўленне ў крыві пацыентаў бактэрый ні ў гарадскі, ні ў абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, падкрэсліў Салавей. Мінская «Кардыялогія» паведаміла — магчыма, дапускае Салавей, таму што гэты РНПЦ «на асаблівым рахунку», яму больш дараюць, бо ён працуе з найцяжэйшымі пацыентамі і мае цесныя сувязі з Мінздароўя.

На думку Салаўя, прычынай магла стаць такая «асаблівасць» Беларусі: тут крыміналізаваныя памылкі лекараў, нават ускладненні ў пацыентаў. Адпаведна, нават калі вінаваты не лекар, а незалежны ад яго збег абставінаў, пакараюць лекара. Вышэйшых чыноўнікаў за такое звычайна не караюць, бо разбор праводзяць тыя самыя чыноўнікі.

«Адпаведна, першая натуральная рэакцыя клінікі — паспрабаваць вырашыць гэта сваімі сіламі, не выносіць смецце з хаты», — лічыць Салавей.

Ён згадаў гісторыю, калі лекар-інтэрн атрымаў стандартнае ўскладненне, якое ў любым выпадку бывае ў 1—2 пацыентаў з тысячы, і яго «цягалі па пракуратурах». Нават калі гэта заканчваецца не турмой, а толькі пагрозай крымінальнай справы, гэта велізарны стрэс, якога лекары стараюцца пазбягаць.

Салавей дапускае, што ў Брэсце лекары ўсё рабілі правільна на аперацыйным стале, але вырашылі не рызыкаваць судамі і таму не спынялі аперацыі з небяспечным прэпаратам. І ў выніку адбылося найгоршае: не толькі загінулі людзі, але і быў падарваны давер да сістэмы, і без таго сапсаваны ў часы кавіду. Пра смерці адразу не паведамілі — і пайшлі чуткі. Салавей дзякуе Belpol і «Зеркалу» за тое, што гэта было раскрыта, але пытаецца:

«Колькі цяпер пацыентаў пабаяцца ісці на планавую аперацыю, якая ім жыццёва неабходная, і праз паўгода іх жыццё абарвецца, бо ім не была зробленая плановая аперацыя?»

Чаму выбралі менавіта гэты індыйскі прэпарат?

Беларусь шмат страціла з-за санкцый і палітычных рэпрэсій. Але, падкрэсліў Салавей, санкцыі не распаўсюджваюцца на лекі, хоць прапаганда любіць гэтым маніпуляваць.

«У глабальным сэнсе тут вырашае цана», — патлумачыў Салавей.

Ёсць арыгінальныя прэпараты, а ёсць так званыя генерыкі — прэпараты з тым самым асноўным актыўным фармацэўтычным інгрэдыентам, але з пэўнымі іншымі інгрэдыентамі. Генерыкі пачынаюць вырабляць, калі заканчваецца патэнт на арыгінальны прэпарат. Напрыклад, ёсць венгерская «Но-шпа», а ёсць аналагічны «Дротаверын» розных варыяцый і вытворцаў (у тым ліку беларускіх), «Нотаспазм», «Спазмол» і іншыя, у якіх асноўнае дзеючае рэчыва тое ж — дротаверын. Генерыкі, патлумачыў Салавей, звычайна таннейшыя. Але нават калі іх вырабляюць еўрапейскія кампаніі, да іх крыху больш падазрэнняў, чым да арыгінальных прэпаратаў.

Адрозненні ёсць таксама ў рэгуляванні, працягнуў суразмоўца. Лакальная ліцэнзія каштуе некалькі дзясяткаў тысяч долараў, атрымаць яе можна за месяцы. Еўрапейская або амерыканская сертыфікацыя — справа на мільёны і гады. Та самая «Но-шпа» і яе генерыкі не ўхваленыя ні ў ЗША, ні ў Еўразвязе, але легальна прымяняюцца ў паўсотні краін свету, уключна з Беларуссю.

«Гэта не так, што нейкая падпольная індыйская кантора набыла нейкія там палёныя лекі, — падкрэсліў Салавей. — Гэта кампанія, якая пастаўляе шмат такіх лекаў па Азіі, па Афрыцы… Але рызыкі ў гэтай прадукцыі вышэйшыя з прычыны менш жорсткага кантролю».

Лекі заўсёды нясуць рызыкі, дадаў суразмоўца. І еўрапейскія, і амерыканскія лекі могуць даваць пабочныя эфекты, выклікаць алергіі або мець няякасныя таблеткі ці ампулы ў партыі. Ад таго, што адбылося з «Кардыурэксам», не застрахаваная ніводная сістэма аховы здароўя. Абсалютна бяспечных лекаў няма, але гэта не значыць, што трэба адмаўляцца ад медыцыны. І індыйскі прэпарат — не значыць «дрэнны прэпарат».

Важная, даказваў Салавей, хуткасць рэакцыі медыкаў, калі нешта ідзе не так. У выпадку з «Кардыурэксам» трэба было як мага хутчэй прыпыніць планавыя аперацыі, правесці інфекцыйны кантроль і папярэдзіць іншыя бальніцы: «Ведаем, што ёсць вось гэта, дзейнічайце так і так». Гэта магло б выратаваць жыцці. Але страх перад праблемамі з законам прывёў да таго, што мінскаму РНПЦ давялося паўтараць шлях брэсцкай бальніцы і шукаць прычыны трагедыі. І страх перад агалоскай прывёў да страты даверу.

«Калі б Мінздароўя адразу сказаў, што «ў нас катастрофа, будзем разбірацца, не панікуйце», гэта прынесла б значна менш доўгатэрміновых праблем», — паўтарыў Салавей.

Разбірацца з гэтым давядзецца яшчэ не пяць і не дзесяць гадоў. Тым больш, калі ў Беларусі пацыенты часта пазбаўленыя выбару паміж еўрапейскімі, амерыканскімі і больш таннымі лекамі. Салавей спадзяецца, што будзе высветлена, чаму праблема абышла беларускі кантроль, а трагедыя стане ўрокам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках