«Па часе амаль як да Кітая!»
- 23.08.2026, 21:19
Як беларусы ляцелі з Мінска ў Грузію амаль сем гадзін.
Беларусы ў Threads абмяркоўваюць незвычайна доўгі рэйс з Мінска ў Кутаісі: замест звыклых трох з паловай гадзін самалёт правёў у дарозе амаль сем. Борт зрабіў вялікі крук праз Расію і Казахстан, перасёк Каспійскае мора, а па дарозе яму спатрэбілася дазапраўка, піша «Зеркало».
«З Мінска ў Кутаісі прамым рэйсам за 8(!) гадзін сёння. Ляцелі аж праз Казахстан», — напісала блогерка ў сацсетцы. У каментарыях яна ўдакладніла, што самалёт дазапраўляўся ў Казахстане.
У іншым пасту яна паказала траекторыю палёту. Такая доўгая дарога пацвярджаецца дадзенымі сэрвісу Flightradar24.com. Зыходзячы з інфармацыі рэсурсу, рэйс адправіўся з беларускай сталіцы а 9:20 раніцы 22 жніўня. Але замест пасадкі паводле раскладу ў 14:35 у Кутаісі падарожнікі прыбылі а 17:25. Палёт цягнуўся 6 гадзін 50 хвілін замест звычайных прыкладна трох з паловай.

Самалёт ляцеў вельмі вялікім абходным маршрутам. Пасля вылету з Беларусі накіраваўся даволі далёка на паўночны ўсход — углыб Расіі, затым апісаў шырокую дугу на ўсход. Пасля гэтага борт павярнуў на поўдзень і доўга ляцеў па расійскай тэрыторыі, абыходзячы поўдзень еўрапейскай часткі Расіі з усходу. Потым ён зайшоў у паветраную прастору заходняй часткі Казахстана, перасёк Каспійскае мора і накіраваўся ў Кутаісі.
У каментарыях адны карыстальнікі сацсеткі здзівіліся такому маршруту, іншыя ж спрабавалі знайсці яму лагічнае тлумачэнне.
«Жах, па часе амаль як да Кітая».
«Магчыма, паветраная прастора ў прыграніччы закрытая і могуць бамбіць».
«Дзіўна, што наогул лятаюць. Робяць выгляд, што нічога не адбываецца, да самага канца. Альбо да збітага самалёта».
Хтосьці з каментатараў прызнаўся, што ім таксама даводзілася перажываць падобны досвед: «А мы так у Стамбул 10 жніўня зляталі, 7,5 гадзіны ў паветры».
У іншым пасту беларусы, якія плануюць падарожжа ў Грузію, пачалі турбавацца, ці не чакае іх таксама такі доўгі шлях: «Добры вечар! Скажыце, калі ласка, можа, хтосьці сёння ляцеў рэйсам Мінск—Кутаісі на 9:20, раскажыце, чаму такі доўгі палёт быў 7 гадзін замест 4? Была дазапраўка ці што? Самім хутка ляцець гэтым жа рэйсам, дык хацелася б ведаць, да чаго быць гатовым… Пра тое, што цяпер аблятаюць, у курсе, але плюс 3 гадзіны да належнага часу — яксьці шматкавата».
Пад пастом таксама некалькі чалавек напісалі, што іх палёт на адпачынак быў даўжэйшы за запланаваны:
«Таварыш некалькі дзён таму ляцеў у Ерэван. Плюс 5,5 гадзіны з дазапраўкай у Атырау. Новая рэальнасць, як ужо сказана вышэй».
«Добры дзень, я на пачатку жніўня ляцела Мінск—Батумі — было 4 гадзіны, і вярталася Кутаісі—Мінск таксама 4 гадзіны, усё было выдатна! Няхай і ў вас усё будзе добра».
«Так, дазапраўка ў Уральску была, прыкладна 40 хвілін сышло. Нас паставілі перад фактам, што ляцім туды, хаця пры ўзлёце сказалі, што ляцець прыблізна 4 гадзіны».
«Аблятаюць тэрыторыі, мы сёння ляцелі Тбілісі—Мінск, было, вядома, не так шмат, але плюс 1—1,5 да часу пералёту было».
«Бацькі ўчора ляцелі гэтым рэйсам. Была дазапраўка ў Казахстане. Атрымаўся пазапланавы паветраны экскурс. Падазраю, што з-за надвор'я адразу не далі пасадку ў Кутаісі».