Foreign Affairs: Пуцін загнаў Расію ў імперскі міф
- 24.08.2026, 16:23
- 1,614
Крэмль спрабуе апраўдаць агрэсію «асаблівым шляхам».
Вайна Расіі супраць Украіны ідзе не толькі на полі бою, але і ў сферы гістарычных уяўленняў. Пуцін спрабуе прадставіць канфлікт як супрацьстаянне розных цывілізацый, аднак гісторыя Расіі значна складаней, піша часопіс Foreign Affairs (пераклад — сайт Charter97.org).
Яшчэ ў кастрычніку 2022 года, выступаючы на пасяджэнні Валдайскага клуба, Пуцін гаварыў пра неабходнасць «цывілізацыйнай разнастайнасці». Паводле яго версіі, Захад імкнецца сцерці адрозненні паміж народамі і навязаць ім уласную мадэль развіцця. Расію Пуцін прадстаўляе як самастойную цывілізацыю, якая мае права ісці сваім шляхам і супрацьстаяць заходняй гегемоніі.
Гэтая ідэя абапіраецца на «еўразійства» — плынь, што ўзнікла ў Расіі ў XIX стагоддзі. Яе прыхільнікі лічылі памылкай імкненне краіны пераймаць Еўропу і сцвярджалі, што Расія сфармавалася адначасова пад уплывам еўрапейскага і азіяцкага свету. Сёння Крэмль працягвае эксплуатаваць гэтую канцэпцыю для абгрунтавання асаблівага шляху краіны.
Гісторыкі сапраўды знаходзяць нямала падабенства паміж Расіяй і буйнымі імперыямі Еўразійскага стэпу — Асманскай, Сафавідскай і імперыяй Цын. Ідзе гаворка пра ўяўленні пра суверэнітэт, тэрытарыяльную экспансію, ваенізаваную бюракратыю і кіраванне шматнацыянальнымі супольнасцямі.
«Такое тлумачэнне занадта спрашчае расійскую гісторыю. Расія на працягу стагоддзяў адначасова збліжалася з Еўропай і адкідала яе ўплыў», — перакананыя аўтары. Пётр I, напрыклад, імкнуўся перабудаваць краіну па заходнім узоры, укараняючы еўрапейскія ваенныя практыкі, архітэктуру і культурныя нормы. У адказ кансерватыўныя колы выступалі супраць еўрапейскага ўплыву.
Акрамя таго, жорсткасць і экспансіянізм нельга лічыць выключна спадчынай азіяцкіх імперый. Еўрапейскія дзяржавы таксама стваралі велізарныя каланіяльныя ўладанні і ўжывалі гвалт для іх пашырэння. Таму спроба растлумачыць расійскую палітыку выключна ўплывам стэпу стварае надта зручную карціну, у якой Еўропа аказваецца носьбітам закона і парадку, а Азія — вайны і аўтарытарызму.
Асабліва паказальны прыклад цара Івана Грознага. Створаная ім апрычніна ператварылася ў асобную палітычную сістэму, што дазваляла цару праводзіць масавыя рэпрэсіі і распраўляцца з праціўнікамі. Пры гэтым падобны маштаб унутранага тэрору цяжка знайсці сярод іншых імперый.
Расія таксама адрозніваецца ад Еўропы сваімі маштабамі, этнічным складам і імперскай спадчынай. Яна фактычна ператварыла велізарную імперыю ў сучасную нацыянальную дзяржаву, захаваўшы многія рысы ранейшай сістэмы. На яе самаідэнтычнасць працягвае ўплываць і статус спадкаемніцы Савецкага Саюза, а таксама шматвяковая складаная сувязь з Еўропай.
Таму найбольш нечаканай высновай становіцца параўнанне Расіі не з Турцыяй або Іранам, а з ЗША. Абедзве краіны маюць велізарную тэрыторыю, значныя рэсурсы, шматнацыянальнае насельніцтва і гісторыю тэрытарыяльнай экспансіі.
У рэшце рэшт гісторыя здольная растлумачыць асаблівасці расійскай дзяржаўнасці, але не можа служыць апраўданнем палітыкі Крамля. «Гэта дрэнныя паводзіны належаць толькі ёй», — падкрэсліваюць аўтары, адхіляючы спробы прадставіць Пуціна сучасным увасабленнем рускага цара, хана або султана.