25 жнiўня 2026, aўторак, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Унук савецкага шпіяна стаў кандыдатам у прэзідэнты Францыі

Унук савецкага шпіяна стаў кандыдатам у прэзідэнты Францыі

Ён выступае за ўмацаванне еўрапейскай бяспекі, падтрымку Кіева і жорсткую лінію ў дачыненні да РФ.

Дэпутат Еўрапарламента і лідар левацэнтрысцкай партыі «Грамадская прастора» (Place publique) Рафаэль Глюксман абвясціў пра вылучэнне сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта Францыі, піша The Telegraph.

Ён мае намер узяць удзел у праймерыз і аб’яднаць левы электарат. Глюксман вядомы як паслядоўны прыхільнік Украіны і еўрапейскай інтэграцыі. Ён выступае за ўмацаванне еўрапейскай бяспекі, падтрымку Кіева і жорсткую лінію ў дачыненні да Расіі.

Адначасова палітык прытрымліваецца левых поглядаў і прапаноўваў увесці для французскай моладзі абавязковую дзесяцімесячную грамадскую службу — напрыклад, дапамогу ў дамах састарэлых.

Гісторыя сям’і Глюксмана звязаная з савецкай выведкай. Яго дзед Рубін Глюксман нарадзіўся ў 1889 годзе ў яўрэйскай сям’і ў Чарнаўцах, якія тады ўваходзілі ў склад Аўстра-Венгрыі. У 1920-я гады ён эміграваў у Палестыну, дзе захапіўся камунізмам і быў завербаваны Камінтэрнам — арганізацыяй, створанай бальшавікамі для распаўсюджвання камуністычнага руху.

Паводле звестак выдання, Рубін Глюксман працаваў савецкім выведнікам у Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі, дзе выдаваў сябе за бізнэсмена і страхавога агента. У 1940 годзе ён быў арыштаваны брытанскай контрвыведкай MI5 пасля выкрыцця савецкім перабежчыкам. Глюксмана вырашылі выслаць у Канаду. Па дарозе карабель з ім быў тарпедаваны нямецкай падводнай лодкай, і ён загінуў. На той момант ягонаму сыну Андрэ было ўсяго тры гады, і з-за яўрэйскага паходжання Андрэ хаваўся ў Францыі пад выдуманым імем Жозэф Рыв’ер і перажыў вайну. Пазней Андрэ Глюксман стаў вядомым французскім філосафам. У маладосці ён прытрымліваўся марксісцкіх і мааісцкіх поглядаў, аднак у 1970-я гады парваў з імі і стаў крытыкам савецкага камунізму і кітайскай палітыкі.

Рафаэль Глюксман нарадзіўся ў Парыжы ў 1979 годзе. Да пачатку палітычнай кар’еры Глюксман працаваў журналістам і дакументалістам. У 2009–2013 гадах ён быў дарадцам прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Там ён займаўся палітычнай стратэгіяй і камунікацыямі. У 2024 годзе Глюксман узначальваў спіс левацэнтрысцкага альянсу на выбарах у Еўрапарламент у Францыі. Альянс атрымаў каля 14% галасоў, а Глюксман стаў адным з найбольш прыкметных прадстаўнікоў французскіх левых.

46-гадовы Глюксман разлічвае стаць адзіным кандыдатам умераных левых і скласці канкурэнцыю Меланшону і Марын Ле Пен. «Калі я вылучаю сваю кандыдатуру, дык толькі дзеля таго, каб Францыя зноў набыла годнасць. Няўжо мы збіраемся аддаць краіну Марын Ле Пен і крайнім правым? Я лічу, што большасць французаў не падтрымлівае амерыканізацыю французскага грамадства», — заявіў палітык. Галоўная палітычная задача Глюксмана — дамагчыся падтрымкі ўмераных левых, не ўступаючы ў саюз з Меланшонам.

Прэзідэнцкія выбары ў Францыі адбудуцца вясной 2027 года. Згодна з апытаннямі, фаварыткай першага тура застаецца Марын Ле Пен. Паводле аднаго са сцэнарыяў The Times, яна атрымлівае каля 36% галасоў, правацэнтрыст і былы прэм’ер Эдуар Філіп — 19%, Жан-Люк Меланшон — каля 15%, а Глюксман — прыкладна 10%. У выпадку выхаду Ле Пен у другі тур яе суперніку спатрэбіцца заручыцца значнай падтрымкай.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках