Politico даведалася, якія пытанні дырэктар ЦРУ абмяркоўваў у Маскве
3- 27.08.2026, 9:29
- 4,472
Асаблівае значэнне маюць два выпадкі.
Дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф падчас візіту ў Маскву 25 жніўня заклікаў расійскія ўлады не абвастраць канфлікт з саюзнікамі ЗША па НАТА і скараціць дапамогу Ірану.
Пра гэта піша Politico са спасылкай на інсайдарскую інфармацыю.
Паводле звестак Politico, Рэткліф падчас сустрэчы з расійскімі чыноўнікамі папрасіў, каб Расія не абвастрала канфлікт з саюзнікамі ЗША па НАТА. Перш за ўсё ішла гаворка пра Эстонію, Латвію і Літву, якія знаходзяцца на ўсходнім флангу Паўночнаатлантычнага альянсу.
Крыніцы Politico таксама сцвярджаюць, што дырэктар ЦРУ папрасіў Расію знізіць падтрымку Ірана, перш за ўсё вайсковую і эканамічную.
На гэтым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра пачатак аперацыі «Эканамічны ізгой», мэтай якой з'яўляецца поўная эканамічная ізаляцыя Ірана. Трамп паабяцаў увесці жорсткія санкцыі супраць краін, якія аказваюць эканамічную дапамогу Тэгерану. Амерыканскі лідар лічыць, што такі ціск прымусіць іранскія ўлады пайсці на саступкі і падпісаць з ЗША мірнае пагадненне.
Трамп назваў паездку Рэткліфа ў Маскву «руціннай». Адначасова з гэтым ён прызнаў, што адна з мэт гэтага візіту — узгадненне ўмоваў заканчэння вайны Расіі супраць Украіны. Спікер расійскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў сцвярджае, што Рэткліф прыязджаў у Маскву для кантакту па лініі спецслужбаў. Сустрэчы з Пуціным у яго не было.