27 жнiўня 2026, Чацвер, 13:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чарговая спроба зрабіць школу абсалютна стэрыльнай»

2
«Чарговая спроба зрабіць школу абсалютна стэрыльнай»

Што стаіць за ідэяй рэжыму ўвесці дагляды вучняў.

З 1 верасня ў беларускіх школах змогуць выбарачна даглядаць асабістыя рэчы вучняў, іх бацькоў і іншых наведвальнікаў. Пры гэтым улады пакуль не патлумачылі, хто і ў якіх выпадках будзе праводзіць праверкі.

Як новыя правілы могуць адбіцца на школьніках і навошта насамрэч уводзяцца дагляды?

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», бацькі двух школьнікаў Андрэя Шарэнды:

— Я дакладна магу сказаць, што праверкі асабістых рэчаў школьнікаў і іх бацькоў пры ўваходзе ў школу будуць уводзіцца не дзеля забеспячэння бяспекі тых жа вучняў. То бок у першую чаргу там будуць шукаць не небяспечныя прадметы, зброю ці наркотыкі, а рэчы, у якіх рэжым Лукашэнкі бачыць для сябе пагрозу: праўдзівыя кнігі, нацыянальную сімволіку і іншы «экстрэмізм», які яму не даспадобы.

Гэта чарговая спроба зрабіць школу абсалютна стэрыльнай ад усяго, што не даспадобы лукашызму. І самае горшае, што цяпер спрабуюць абмежаваць свабоду ўжо нашых дзяцей, прычым метадамі, больш падобнымі да запалохвання. Дзяцей заклікаюць да гэтага прывыкнуць і лічыць гэта нормай. То бок хочуць з дзяцінства прывучыць іх успрымаць гвалт і беззаконне як норму.

Акрамя таго, хачу адзначыць, што такія праверкі ў любым выпадку могуць дрэнна адбіцца на псіхалагічным стане дзяцей. Калі хтосьці даглядае твае асабістыя рэчы, гэта заўсёды непрыемна. А калі гэта адбываецца пастаянна, калі ў цябе ўвесь час нешта шукаюць, гэта ўжо траўмуе, і ў першую чаргу дзяцей. Асабліва балюча такія праверкі могуць успрымаць падлеткі 16–17 гадоў. У іх ужо ёсць свае сакрэты, свае асабістыя рэчы, якія яны не хочуць нікому паказваць. Я як бацька гэта вельмі добра разумею. Дзеці не хочуць паказваць усё, што ў іх ёсць, у іх павінна заставацца свая асабістая прастора.

Яшчэ хачу адзначыць, што пакуль незразумела, хто ўвогуле будзе займацца гэтымі праверкамі. Найхутчэй пасадзяць якога-небудзь вахцёра або адарвуць ад навучальнага працэсу чарговага фізрука. І гэта ў любым выпадку адаб'ецца ўжо на самым навучальным працэсе.

Але я дакладна ведаю, хто за ўсё гэта будзе плаціць. Я яшчэ памятаю, як у школах толькі ўводзілі прапускную сістэму і турнікеты. За гэта ў першую чаргу плацілі бацькі: з іх прасілі грошы на ўстаноўку турнікетаў, выраб пропускаў і нават на абсталяванне, якое знаходзілася на вахце.

Таму і цяпер зразумела, на што школы пачнуць збіраць чарговыя паборы: на металашукальнікі, дадатковыя турнікеты, а потым, магчыма, і на рэнтгенаўскія сканеры. Так, не выключаю, што наступным этапам у школах з'явяцца і такія ўстаноўкі, праз якія будуць прапускаць рэчы. І за ўсё гэта, вядома ж, зноў будуць плаціць простыя бацькі, а не рэжым Лукашэнкі, які ўсё гэта прыдумаў.

Але, паўтару, у першую чаргу гэта мера застрашвання і запалохвання маладога пакалення беларусаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках