У Севастопалі загарэўся нафтавы тэрмінал
- 28.08.2026, 10:30
- 1,528
Расійскія акупанты спрабуюць схаваць факт.
Сілы абароны Украіны нанеслі паветраныя ўдары па вайсковых і стратэгічных аб’ектах расійскіх акупантаў у анэксаваным Крыме. У выніку гэтага пашкоджаны нафтавы тэрмінал у Севастопалі, піша Диалог.UA пасля маніторынгу сацсетак.
Акупацыйная расійская адміністрацыя абвясціла паветраную трывогу ў Крыме 28 жніўня а 00:36. Неўзабаве пасля гэтага ў розных раёнах паўвострава прагучалі першыя выбухі. Расійская СПА спрабавала збіваць украінскія БПЛА, але гэта ёй не ўдавалася.
Уначы магутныя выбухі гучалі ў раёне аэрадрома Бельбек, на якім базуюцца знішчальнікі акупацыйнай арміі РФ. Вынікі гэтых удараў пакуль невядомыя.
Акрамя таго, уначы некалькі выбухаў пачулі жыхары акупаванага Севастопаля. Заяўляецца, што быў прылёт у раёне порта ў Камышовай бухце.
«Губернатар» Севастопаля Міхаіл Развожаеў спачатку прызнаў трапленне па нафтавым тэрмінале. Ён заявіў, што «зафіксавана трапленне БПЛА ў старыя рэзервуары, у якіх не было актыўнага паліва». Паводле яго слоў, у рэзервуарах на вуліцы Братоў Манганары былі толькі нібыта «тэхнічныя рэшткі».
Пазней гауляйтэр сказаў, што на вуліцы Братоў Манганары гарэлі не нафтавыя рэзервуары, а нібыта «трава побач».
Раней стала вядома, што СПА Расіі справакавала катастрофу ў раёне акупаванай Ялты.