На фестываль у Мінску прыедуць замежныя зоркі 90-х
4- 28.08.2026, 10:30
- 1,872
Іх хіты вы пэўна ведаеце.
19 верасня на стадыёне «Дынама» адбудзецца фестываль еўрадэнсу «Прайм Эра». На адной сцэне збяруцца артысты, чые хіты ў 1990-я і 2000-я гучалі на дыскатэках, па радыё і на музычных тэлеканалах — і дагэтуль не страцілі актуальнасці. Нават калі вы не ведаеце многіх з іх па імёнах, упэўненыя, што вы заспяваеце гэтыя песні з першых жа нот, піша «Онлайнер».
Morandi
Румынскі гурт, які ў канцы 2000-х ператварыў Angels у адзін з галоўных радыёхітоў свайго часу. Песня дабралася да першых месцаў у чартах многіх еўрапейскіх краін, а ўслед шырокую папулярнасць атрымалі кампазіцыі Save Me, Colors і Rock the Boat. У апошні час калектыў ізноў стаў вірусным у рылсах — усе ў шоку ад таго, як класна выглядае ў свае 43 гады вакаліст Андрэй Ропча.
The Original SNAP! (Turbo B)
Праект прадставіць рэпер Turbo B, голас якога гучаў у класічных хітах The Power і Rhythm Is a Dancer. SNAP! быў адным з самых паспяховых танцавальных праектаў 1990-х, а Rhythm Is a Dancer дагэтуль застаецца абавязковым нумарам у любым плэйлісце з музыкай той эпохі.
Mr. President aka LayZee
LayZee быў удзельнікам нямецкага праекта Mr. President, які праславіўся міжнародным хітом Coco Jamboo. Песня стала адным з галоўных сімвалаў лета 1996 года і трапіла ў чарты дзясяткаў краін. Таксама гурт вядомы па кампазіцыях I Give You My Heart і Jojo Action.
2 Unlimited (Аніта Дот)
Нідэрландская спявачка Аніта Дот, адна з арыгінальных удзельніц 2 Unlimited, вядомая па такіх еўрадэнс-хітах, як No Limit, Get Ready for This, Twilight Zone і Tribal Dance. No Limit у 1990-я ўзначальваў чарты ва многіх краінах і стаў візітоўкай праекта.
Cappella (Келлі О.)
Келлі О. — арыгінальная вакалістка італьянскага праекта Cappella. Гурт стаў адным з прыкметных імёнаў еўрапейскай танцавальнай сцэны дзякуючы хітам U Got 2 Let the Music, Move on Baby і U Got 2 Know.
Bellini
Поп-трыа з Германіі, названае ў гонар бразільскага футбаліста і вядомае перадусім дзякуючы песні Samba de Janeiro. У 1997 годзе запальны футбольна-карнавальны матыў гучаў літаральна паўсюль, а сама кампазіцыя стала адным з галоўных танцавальных хітоў эпохі.
Milli Vanilli (Рэй Хортан)
Амерыканскі спявак Рэй Хортан звязаны з Milli Vanilli як адзін з вакалістаў, што ў студыі выконвалі песні праекта. Сярод найбольш вядомых кампазіцый гурта — Girl You Know It’s True, Baby Don’t Forget My Number і Blame It on the Rain.
Down Low
Нямецкі праект, які змешваў рэп і еўрадэнс. Найбольш вядомы дзякуючы песні Johnny B, якая стала адным з галоўных хітоў гурта ў канцы 1990-х. Таксама праект выпускаў папулярныя кампазіцыі Once Upon a Time і Moonlight.
La Bouche (Наташа Райт)
Спявачка Наташа Райт выступае з праектам La Bouche, імя якога назаўсёды звязана з танцавальным хітом Be My Lover. У 1990-я песня пакарыла еўрапейскія і амерыканскія чарты, а следам папулярнасць атрымала кампазіцыя Sweet Dreams.
Арганізатары фестывалю падкрэсліваюць, што ў Мінск прыедуць сапраўдныя ўдзельнікі вядомых праектаў, якія спявалі і запісвалі тыя самыя хіты: ніякіх кавер-гуртоў, абноўленых складаў пад знаёмымі назвамі або диджэяў, якія 30 гадоў таму звялі для зоркі адну песню.
Шоў стартуе а 18:00 і працягнецца каля шасці гадзін.