Сіноптыкі расказалі, якое надвор’е чакае беларусаў у апошнія выходныя лета
- 28.08.2026, 23:15
Будзе цёпла, але ветрана.
У суботу, 29 жніўня, у заходніх раёнах Беларусі чакаецца пагаршэнне надвор’я. Белгідрамет абвясціў на гэты дзень жоўты ўзровень небяспекі з-за навальніц і ўзмацнення ветру.
Паводле прагнозу сіноптыкаў, удзень 29 жніўня на захадзе краіны месцамі пройдуць навальніцы, а парывы ветру могуць дасягаць 15–18 м/с.
У цэлым апошнія выходныя лета абяцаюць быць неўстойлівымі. У суботу кароткачасовыя дажджы прагназуюцца пераважна ў заходняй палове Беларусі, у асобных раёнах магчымыя навальніцы.
Уначы тэмпература паветра складзе +5…+12 °С, а на захадзе краіны будзе цяплей — да +15 °С. Удзень паветра прагрэецца да +21…+28 °С.
У нядзелю, 30 жніўня, кароткачасовыя дажджы ўначы і раніцай чакаюцца на большай частцы тэрыторыі краіны, удзень ападкі пройдуць толькі месцамі. У асобных раёнах таксама магчымыя навальніцы і парывісты вецер.
Начная тэмпература складзе +9…+16 °С, дзённая — +20…+27 °С.
Неўстойлівае надвор’е захаваецца і ў пачатку наступнага тыдня. Сіноптыкі прагназуюць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі, пры гэтым тэмпература паветра будзе знаходзіцца ў межах +20…+30 °С.