Лукашысты надуваюць крэдытную бурбалку
- 3.08.2026, 10:29
- 1,312
І сама па сабе яна можа не знікнуць.
«З сакавіка бягучага года ў эканоміцы назіраецца аднаўленчы трэнд», — пахваліўся кіраўнік Нацбанку Раман Галоўчанка. Праўда, ён жа і патлумачыў, адкуль узяўся гэты аднаўленчы рост. Апошнія пару месяцаў беларускія кампаніі ад душы заліваюць таннымі грашыма. А вось узаемнага энтузіязму яны яксьці не праяўляюць, піша planbmedia.io.
За першае паўгоддзе беларуская эканоміка сапраўды вырасла на паўтара працэнта. Нібыта ёсць чым ганарыцца. Яшчэ па выніках першага квартала Белстат фіксаваў спад на 0,5 працэнта. То бок за тры месяцы эканоміка рэзка рванула наперад. Праўда, не бясплатна.
У красавіку крэдыты банкаў эканоміцы выраслі на 19 працэнтаў, у маі — на 21, у чэрвені — зноў на 19. Усяго за шэсць месяцаў банкі выдалі прадпрыемствам крэдытаў на 105 мільярдаў рублёў. Увесь аб’ём беларускага ВУП за гэты ж час склаў 150 мільярдаў.
«Прырост інвестыцый па-ранейшаму забяспечваецца банкаўскім капіталам. Пры гэтым скарачаецца доля ўласных сродкаў арганізацый. Пазітыўная дынаміка попыту на інвестыцыі пакуль не падмацаваная ўнутранай устойлівасцю бізнесу», — паскардзіўся Раман Галоўчанка ў чацвер.
Інакш кажучы, пакуль банкі ўсё больш даюць прадпрыемствам у доўг, самі прадпрыемствы ўсё менш хочуць траціць уласныя грошы на ўласныя ж інвестыцыйныя праекты. Альбо ім проста няма чаго траціць. За ўвесь мінулы год усе расійскія даччыныя кампаніі ўсіх беларускіх дзяржкампаній зарабілі ўсяго 6 мільёнаў долараў прыбытку. З такімі даходамі, вядома, асабліва не разгорнешся. А чужыя грошы чаму б і не патраціць.
Пры гэтым банкі крэдытавалі адразу ў два бакі. Спачатку вытворчасць, а потым яшчэ і спажыванне. За першае паўгоддзе аб’ём крэдытаў на спажывецкія патрэбы склаў 900 мільёнаў рублёў. Гэта амаль столькі ж, колькі было за ўвесь мінулы год. Пры гэтым продажы беларускіх тавараў на экспарт таксама часткова аплацілі самі беларускія банкі.
«Банкаўская сістэма аказала значную падтрымку экспарцёрам. Аб’ём знешнеэканамічных плацяжоў беларускіх экспарцёраў за тавары і паслугі за паўгоддзе склаў 49 мільярдаў долараў ЗША, з ростам больш як на тры мільярды долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года», — сказаў Галоўчанка.
Пры гэтым Нацбанк у маі знізіў стаўку рэфінансавання на 0,5 працэнтнага пункта. На гэтым тыдні рэгулятар абвясціў пра зніжэнне разліковай велічыні стандартнай рызыкі.
«Такім чынам мы даём сігнал банкам, што вы праводзіце правільную палітыку, — патлумачыў Галоўчанка. — Мы іх арыентуем на вядзенне праактыўнай палітыкі. Не чакаць, пакуль да вас прыйдуць па грошы, а самім актыўна працаваць з прадпрыемствамі».
Дык што для ўласных справаздач беларускім уладам ніякіх банкаўскіх грошай не шкада. А ў беларускай эканоміцы надуваецца чарговая інвестыцыйная бурбалка. І сама па сабе яна можа не знікнуць. Асабліва з улікам банкаўскага крызісу, які проста цяпер намячаецца ў эканоміцы саюзнай Расіі.