Беларусы змогуць падаваць дакументы на шведскія візы праз пасольства Венгрыі ў Мінску
- 31.08.2026, 19:04
Ідзе гаворка пра візы катэгорыі C.
Швецыя і Венгрыя дамовіліся аб супрацоўніцтве ў візавых пытаннях. Дзякуючы гэтаму грамадзяне Беларусі цяпер могуць падаваць заявы на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы ў Швецыю праз пасольства Венгрыі ў Мінску.
Ідзе гаворка пра візы катэгорыі C, якія дазваляюць знаходзіцца ў Шэнгенскай прасторы да 90 дзён цягам любога 180-дзённага перыяду.
Атрымаць шведскую візу катэгорыі D у Мінску па-ранейшаму нельга — такія заявы прымае пасольства Швецыі ў Маскве. Там жа і надалей будуць праводзіць сумоўі, збіраць біяметрычныя даныя і ажыццяўляць пашпартны кантроль. Гэтыя працэдуры даступныя па панядзелках і аўторках.