«Брат сказаў: на гэтым можна нармальна зарабляць»
3- 5.08.2026, 9:17
- 5,138
Як беларус уклаў $17 тысяч па парадзе сваяка.
Часам адзін парад ад сваяка можа абысціся ў дзясяткі тысяч долараў. У 2020 годзе троюрадны брат сказаў Дзмітрыю (імя зменена на просьбу героя), што ведае чалавека, які дапаможа зарабіць, і запэўніў, што сам ужо меў з ім справу. Дзмітрый паверыў і перадаў знаёмаму брата каля $17 тыс. Мінула амаль шэсць гадоў, і высветлілася, што вярнуць укладзеныя грошы значна складаней, чым іх зарабіць. Ні міліцыя, ні суд пакуль яму не дапамаглі. Як такое наагул магчыма, чытайце ў матэрыяле Onlíner.
«Брат сказаў: на канцэртах можна нармальна зарабляць»
Дзмітрый жыве ў Брэсце. Некалькі гадоў ён адкладаў грошы, але, як і ўсе мы, разумеў, што яны не павінны проста ляжаць без справы. Звычайныя спосабы памножыць капітал, як уклады або інвестыцыі, ён таксама разглядаў, але ў выніку вырашыў даверыцца парадзе троюраднага брата, які сцвярджаў, што ведае «надзейнага чалавека» і ўжо сам паспеў з ім зарабіць.
— Усё пачалося ў 2020 годзе. Мой троюрадны брат распавёў, што ў яго ёсць знаёмы, які займаецца арганізацыяй канцэртаў у Расіі і іншых краінах. Яго завуць Мікалай, сам ён родам з Гомеля, але на той момант жыў пад Масквой. Брат таксама спрабаваў праводзіць з ім некаторыя мерапрыемствы і казаў, што на гэтым можна нармальна зарабляць.
Мы сустрэліся ў Мінску, у кватэры, якую тады здымаў брат. Мікалай таксама быў там. Яны распавялі, што збіраюцца арганізоўваць канцэрты, у тым ліку ў Казахстане, і прапанавалі мне ўкласціся. Брат тлумачыў прыкладна так: я перадаю яму грошы, ён накіроўвае іх на правядзенне мерапрыемстваў, а пасля канцэртаў мы дзелім прыбытак, мне дастаецца пэўны працэнт ад укладзенай сумы.

Тады ў мяне былі назапашванні, і я якраз думаў, куды іх укласці. Вядома, я разглядаў і іншыя варыянты, напрыклад давернае кіраванне ў банку, але, як пазней аказалася, грошы кліентаў там таксама «завіслі» з-за санкцый. А варыянт з канцэртамі мне здаваўся больш зразумелым, бо яго прапанаваў не нейкі старонні чалавек, а мой сваяк. Брат казаў, што ўжо працаваў з Мікалаем, укладваўся ў канцэрт у Мінску і пасля яго са ўсімі разлічыліся. Наколькі я памятаю, гаворка ішла пра заробак прыкладна ў $10 тыс. То-бок перад вачыма быў прыклад, калі гэтая «тэмка» сапраўды спрацавала.
Сам Мікалай выклікаў давер: ён спакойна ўсё тлумачыў і не выглядаў чалавекам, які спрабуе тэрмінова забраць грошы і знікнуць. Арганізацыя канцэртаў была яго асноўнай працай, ён гэтым жыў. Пазней мы нават разам ездзілі адпачываць на Шры-Ланку, там была і яго жонка. Таму асаблівых прычын не давяраць яму ў мяне тады не было.

Увогуле, у 2020 годзе я перадаў яму 1,3 млн расійскіх рублёў — па курсе таго часу гэта было прыкладна $17 тыс. Пры гэтым паўнавартаснай дамовы аб інвестыцыях мы не складалі. Мікалай напісаў распіску (дакумент ёсць у распараджэнні рэдакцыі. — Заўв. Onlíner), што атрымаў грошы на правядзенне канцэрта і павінен вярнуць іх пасля мерапрыемства ў 2021 годзе.
Пра тое, што я магу страціць усю суму, што канцэрт можа прайсці ў мінус і грошы наогул не вернуцца, мне тады ніхто не казаў. Я быў упэўнены, што даю грошы на канкрэтны канцэрт, пасля яго атрымліваю сваю суму назад, а калі будзе прыбытак — яшчэ і пэўны працэнт зверху.
«З-за каранавіруса канцэрт перанеслі амаль на два гады»
Амаль адразу пасля таго, як Дзмітрый перадаў грошы, пачалася пандэмія каранавіруса — запланаваны канцэрт давялося перанесці на лета 2022 года.
— Пасля таго як мерапрыемства ўсё ж адбылося, я папрасіў Мікалая вярнуць грошы. Ён сказаў, што адразу ўсю суму аддаць не зможа, і прапанаваў разлічвацца часткамі. У выніку ён вярнуў мне каля $2,7 тыс., а затым яшчэ прыкладна $100. То-бок назад я атрымаў толькі невялікую частку сваіх укладанняў.

Астатнія грошы, як тлумачэй Мікалай, працягвалі «працаваць». Ён казаў, што наперадзе яшчэ будуць канцэрты, таму перажываць не варта. Пры гэтым ніякіх дакументаў я па-ранейшаму не бачыў. Мне не паказвалі каштарысы, выдаткі, дамовы з артыстамі, не распавядалі, колькі зарабіў той ці іншы канцэрт і на што менавіта пайшлі мае грошы. Адзіным дакументам, які ў мяне быў, заставалася тая самая распіска.
«Потым аказалася, што мае грошы ўжо зніклі»
— У 2024 годзе Мікалай распавёў мне, што мае грошы ўжо «працуюць» у іншым праекце — канцэрце ў Тайландзе, на Пхукеце. Ён казаў, што летась там быў солдаўт, таму ў мяне не ўзнікла адчування, што ёсць нейкія праблемы. Я думаў, што ўсё ідзе сваім ходам і грошы ўдасца вярнуць крыху пазней.
Аднак у пачатку 2025 года Дзмітрыю спатрэбіліся грошы на паляпшэнне жыллёвых умоў. Хлопец звязаўся з Мікалаем і сказаў, што хоча забраць астатнюю суму.
— У адказ ён сказаў, што канцэрт прайшоў у мінус і мае грошы цалкам «згарэлі». Для мяне гэта было шокам. Я адразу спытаў: «Як згарэлі?» Мяне ж ніколі не папярэджвалі, што я магу страціць усе ўкладанні. Калі я перадаваў грошы, гаворка вялася толькі пра тое, што яны будуць выкарыстаныя на правядзенне канцэрта, а пасля мерапрыемства мне іх вернуць. Ніхто не папярэджваў пра рызыкі і не казаў, што, калі нешта пойдзе не так, я страчу ўсё.

Па словах Дзмітрыя, арганізатар нават не прапаноўваў варыянтаў, як ён можа вярнуць грошы.
— Ён адразу сказаў, што грошай больш няма. Вядома, у мяне ўзніклі сумневы, ці сапраўды канцэрт аказаўся стратным, бо ніякіх дакументаў я не бачыў ні тады, ні потым. Магчыма, усё сапраўды было менавіта так, а магчыма, гэта проста тлумачэнне, каб не вяртаць грошы. Я гэтага не ведаю і даказаць не магу.
«У міліцыі сказалі, што гэта грамадзянска-прававая спрэчка»
— Калі Мікалай сказаў, што грошай больш няма, я яшчэ некалькі месяцаў спрабаваў з ім дамовіцца: пісаў яму ў розных сацсетках, прасіў вярнуць хаця б астатнюю суму. Паступова ён пачаў блакіраваць мяне паўсюль, дзе толькі мог. У пэўны момант я папярэдзіў, што, калі пытанне не атрымаецца вырашыць мірна, я звярнуся ў міліцыю. Ён адказаў, што я магу гэта зрабіць, і яго гэта зусім не бянтэжыла.

Пасля гэтай размовы я сапраўды напісаў заяву ў міліцыю, але там мне сказалі, што прыкмет злачынства не бачаць і што гэта грамадзянска-прававая спрэчка, якую трэба вырашаць праз суд.
Я вырашыў ісці да канца і звярнуўся ў суд. На гэта таксама пайшло нямала грошай: давялося аплачваць паслугі адваката, рыхтаваць дакументы, адна толькі дзяржпошліна склала каля $2 тыс. Атрымліваецца, што я не толькі не змог вярнуць свае грошы, але і быў вымушаны траціць яшчэ больш, каб паспрабаваць дабіцца справядлівасці.

У судзе прадстаўнікі Мікалая заявілі, што тэрмін пазоўнай даўнасці ўжо мінуў. Суд з гэтай пазіцыяй пагадзіўся і адмовіў мне ў задавальненні іску. То-бок да разгляду пытання па сутнасці справа нават не дайшла. Не высвятлялася, куды менавіта былі патрачаны мае грошы, ці былі гэтыя канцэрты прыбытковымі або стратнымі, ці павінен ён быў вярнуць мне астатнюю суму. Асноўнай падставай для адмовы стала тое, што, на думку суда, я занадта позна звярнуўся да іх з іскам.
Рашэнне суда ёсць у распараджэнні рэдакцыі. На думку суда, Дзмітрый павінен быў даведацца пра парушэнне свайго права пасля таго, як па заканчэнні тэрміну, указанага ў распісцы, не атрымаў назад пазычаныя грошы. Выходзячы з гэтага, суд палічыў, што тэрмін пазоўнай даўнасці пачаў лічыцца 2 ліпеня 2021 года і скончыўся 1 ліпеня 2024-га.
Таксама суд не прыняў даводы істца пра тое, што тэрмін вяртання грошай неаднаразова пераносіўся па просьбе адказчыка. У рашэнні адзначаецца, што, апрача тлумачэнняў самога Дзмітрыя, гэтыя абставіны нічым не пацверджаны: перапіска, на якую ён спасылаўся, у матэрыялы справы прадстаўлена не была. Акрамя таго, суд указаў, што бакі не аформілі пісьмовае пагадненне, якое змяняла б тэрмін вяртання пазыкі, таму падстаў лічыць яго перанесеным не ўбачыў.
— Я з гэтым рашэннем катэгарычна не згодны. Бо пасля таго, як была напісана распіска, Мікалай часткова вярнуў мне грошы. Гэта адбылося ўжо ў 2022 годзе. Больш за тое, у судзе быў сведка, які пацвердзіў факт перадачы гэтай сумы. Так, асобную распіску пра тое, што я атрымаў грошы назад, мы тады не складалі, бо я проста не думаў, што праз некалькі гадоў мне давядзецца нешта даказваць у судзе. Але сам факт частковага вяртання ніхто не адмаўляў.
Таму, як тлумачылі мне юрысты, тэрмін пазоўнай даўнасці павінен быў вылічвацца нанова з моманту, калі ён прызнаў доўг і вярнуў частку грошай. Наколькі я разумею, менавіта так гэта і павінна працаваць. Але суд палічыў інакш.

— Вы лічыце, што адносна вас былі махлярскія дзеянні з боку Мікалая?
— Я не магу назваць Мікалая махляром, гэта можа зрабіць толькі суд, калі для гэтага будуць падставы. Калі б ён адразу шчыра сказаў, што грошы можна страціць, што падчас арганізацыі канцэрта ўзніклі праблемы, паказаў дакументы, растлумачыў, куды сышлі грошы, паспрабаваў паступова разлічыцца, напэўна, гэтай гісторыі наогул не было б. Але замест гэтага я пачуў, што грошы проста згарэлі, а потым мяне пачалі ўсюды блакіраваць. Таму ў мяне і ўзнікла адчуванне, што мяне проста падманулі.
— А брат, які вас звёў, як адрэагаваў?
— Калі шчыра, ён заняў дзіўную пазіцыю. Па сутнасці, ён сказаў, што ні пры чым: маўляў, вы паміж сабой дамаўляліся — самі цяпер і разбірайцеся.

— Вынеслі з гэтай сітуацыі нейкі ўрок?
— Самы галоўны ўрок для мяне: больш ніколі не ўкладаць грошы ў такія «тэмкі». Калі гэта нейкія інвестыцыі, дык толькі ў тое, што ты рэальна набываеш і што застаецца ў цябе на руках. І другая выснова: калі ўжо пазычаеш камусьці буйную суму, то абавязкова павінен быць заклад. Так у цябе будуць хоць нейкія гарантыі.
— Якія вашы далейшыя планы?
— Цяпер рыхтую скаргу ў Вярхоўны суд. Гэта, напэўна, ужо апошняя магчымасць дамагчыся перагляду справы. Вельмі спадзяюся, што там звернуць увагу менавіта на гэтыя абставіны і дадуць ім ацэнку.

— Вы ўсё яшчэ верыце ў тое, што зможаце вярнуць свае грошы?
— Вядома, хочацца верыць, што грошы ўсё ж удасца вярнуць, але, калі шчыра, надзея ў мяне засталася толькі на Вярхоўны суд. Вельмі хочацца верыць, што там уважліва паглядзяць на абставіны справы і ўсё ж прымуць справядлівае рашэнне. Я не маю нейкіх ілюзій, але здавацца таксама не хачу. Столькі часу, сіл і грошай ужо выдаткавана, і кінуць усё на паўдарозе было б няправільна. Пакуль ёсць хоць нейкая магчымасць дамагчыся перагляду справы, я буду ёю карыстацца.