Віцэ-прэзідэнтка Bank Of America загінула ад нажавога ранення на Таймс-сквер
3- 1.09.2026, 19:21
- 4,732
Інцыдэнт адбыўся ўчора.
Паліцыя Нью-Ёрка ўстанавіла асобу жанчыны, якая загінула ў выніку выпадковага нападу на Таймс-сквер. Ахвярай аказалася віцэ-прэзідэнтка Bank of America Эрын П’ячэнці. Пра гэта паведамляе The New York Post.
Інцыдэнт адбыўся ўчора каля 16:30 па мясцовым часе. Жанчына, якая выйшла на Таймс-сквер, раптам пачала кідацца на мінакоў, размахваючы двума кухоннымі нажамі. Спачатку яна цяжка параніла пажылога мужчыну, а пасля ўдарыла нажом у жывот Эрын П’ячэнці, якая апынулася побач.
Нападніца пачала пагражаць паліцыянтам, якія падбеглі, пасля чаго была застрэленая. Сёння паліцыя паведаміла, што зламысніцу звалі Памэла Сыснэрас, ёй было 49 гадоў. Паранены мужчына, паводле паліцыі, знаходзіцца ў бальніцы, яго стан ацэньваецца як стабільны.
Як паведамляе New York Post, 32-гадовая Эрын П’ячэнці, выпускніца Універсітэта Пенсільваніі і Школы права Фордэмскага ўніверсітэта, з 2025 года працавала ў нью-ёркскім аддзяленні Bank of America. На пасадзе віцэ-прэзідэнткі яна займалася адборам бізнес-праектаў і праверкай на канфлікт інтарэсаў. У пачатку жніўня яна адзначыла другую гадавіну шлюбу.