Бальніцы па ўсёй Расіі пачалі пераабсталёўваць у ваенныя шпіталі
2- 10.09.2026, 19:40
- 1,462
З-за наплыву параненых з фронту ва Украіне.
Ваенныя шпіталі Мінабароны аказаліся перапоўненымі з-за вялікай колькасці параненых, таму ўдзельнікаў «спецаперацыі» ўсё часцей лечаць і рэабілітуюць у звычайных грамадзянскіх бальніцах — бясплатна і без чаргі. Як высветліў «Вот Так», для тых, хто ваяваў ва Украіне, там перапрафілююць цэлыя аддзяленні, якім надаюць асаблівы рэжым сакрэтнасці. Пра стварэнне такіх закрытых аддзяленняў выданню расказалі медыкі з Пецярбурга, Яраслаўскай вобласці і Сібіры.
Напрыканцы мая 2023 года ўлады паабяцалі перадаць Мінабароны амаль 5 тыс. ложкаў у 27 грамадзянскіх бальніцах 11 рэгіёнаў, уключаючы Маскву, Пецярбург, Растоў-на-Доне і Севастопаль. Аднак афіцыйна пра гэтае рашэнне не паведамлялася, а пералік бальніц дагэтуль невядомы, адзначае «Вот Так».
У пецярбургскі НДІ хуткай дапамогі імя І. І. Джанелідзэ першыя параненыя паступілі ў чэрвені 2024 года, расказаў «Вот Так» супрацоўнік бальніцы. Тады там адкрылі два лячэбныя аддзяленні для ўдзельнікаў вайны на месцы рэанімацыі і шокавай тэрапіі. Іх зрабілі закрытымі: трапіць унутр можна было толькі па магнітных прапусках, а супрацоўнікі гэтых аддзяленняў былі ізаляваныя ад астатняга персаналу. Удзельнікі вайны займалі каля 60–70 ложкаў.
У адной з бальніц Яраслаўскай вобласці, паводле слоў медработнікаў, з 2024 года таксама працуюць два закрытыя аддзяленні для ўдзельнікаў вайны — прыблізна на 60–70 месцаў кожнае. Траўматолаг адной з гарадскіх бальніц у Сібіры расказала, што лекары і медсястры аддзяленняў, дзе ляжаць «героі СВА», падпісваюць дакументы аб неразгалошванні. «Уся дакументацыя таксама закрытая. Нават у гісторыі хваробы няма імя, прозвішча і імя па бацьку, ёсць толькі нумар», — патлумачыла яна.
Анестэзіёлаг Ваенна-медыцынскай акадэміі імя С. М. Кірава ў Пецярбургу расказаў, што ложкавы фонд аднаго з аддзяленняў разлічаны на 40 чалавек, аднак там цяпер адначасова прымаюць да 86 пацыентаў. Паводле яго слоў, пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ў калідорах пачалі ўсталёўваць дадатковыя ложкі, а ў палатах замест ложкаў раскладваюць матрацы. Дэфіцыт месцаў, сцвярджае анестэзіёлаг, назіраецца не толькі ў іншых шпіталях Пецярбурга, але і па ўсёй краіне.
Паводле падлікаў «Вот Так», цяпер у Расіі дзейнічае як мінімум 58,3 тыс. ложкаў у ваенных медыцынскіх установах. Штогод там могуць праходзіць лячэнне амаль 1 млн параненых, аднак месцаў усё роўна не хапае.
Паводле слоў лекараў, апытаных выданнем, з’яўленне вайскоўцаў у грамадзянскіх бальніцах уплывае на даступнасць медыцынскай дапамогі для астатніх пацыентаў: ім становіцца складаней трапіць да спецыялістаў. Неадкладную дапамогу грамадзяне па-ранейшаму могуць атрымаць, аднак з планавай узнікаюць праблемы.
Лекар і юрыст у сферы праваабароны Канстанцін Бойкаў адзначае, што ўдзельнікі «СВА» цяпер праходзяць у прыярытэтным парадку, але колькасць лекараў пры гэтым не павялічылася. «І ў жывых чэргах людзі сядзяць, чакаюць дапамогі, пакутуюць, і раптам хтосьці заходзіць па-за чаргой. Гэта, вядома, выклікае раздражненне і сацыяльную напружанасць», — сказаў ён.
Грамадзянскія медыкі, з якімі пагаварыў «Вот Так», расказваюць, што персанал бальніц незадаволены з’яўленнем пацыентаў з фронту праз п’яныя дэбошы, крадзяжы і нават перастрэлкі. Так, у красавіку ў Аляксандраўскай бальніцы Пецярбурга канфлікт паміж двума пацыентамі — «героямі СВА» — скончыўся стралянінай. У верасні адзін вайсковец ударыў іншага нажом у жывот у бальніцы імя Пятра Вялікага. Яшчэ аднаго параненага вайскоўца — Уладлена Мецлера — выпісалі з НДІ хуткай дапамогі імя І. І. Джанелідзэ пасля бойкаў і канфліктаў з пацыентамі і медыкамі. «П’янствуюць, выклікаюць прастытутак. Часам буянять. Дадуць камусьці грошай — і іх прапускаюць», — апісвае сітуацыю ў пецярбургскім НДІ хуткай дапамогі імя І. І. Джанелідзэ адзін з медыкаў. «П’юць, крадуць. У нас у аддзяленні тэлевізар укралі, пайшлі прадаць, напіліся», — кажа лекар з Яраслаўскай вобласці.
Згодна з падлікамі Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), агульныя страты расійскай арміі за час паўнамаштабнай вайны да чэрвеня бягучага года склалі 1,4 млн чалавек. З гэтага ліку былі забітыя не менш як 450 тыс. чалавек, астатнія атрымалі цяжкія раненні або зніклі бяз вестак.