У Беларусі выставілі на продаж дарогу
1- 11.09.2026, 20:50
- 1,248
Пакупніку давядзецца заплаціць шасцізначную суму.
У Беларусі на продаж выставілі даволі незвычайны аб’ект нерухомасці — цэлую дарогу.
Гаворка пра бетонны праезд плошчай больш за 3,3 тыс. м². Ён знаходзіцца ў Быхаве на вуліцы Дарахова, паведамляе Telegram-канал («МогилевОнлайн» https://t.me/mogilevonline/124140).
Праезд належыць «Быхаўскай перасоўнай механізаванай калоне 247». Прадпрыемства мае даўгі, таму маёмасць і трапіла на таргі.

Паводле дакументаў аб’ект праходзіць як «збудаванне неўстаноўленага прызначэння». За яго просяць 107,2 тыс. Каб пазмагацца за лот, трэба загадзя ўнесці задатак — 10,72 тыс.
Заяўкі прымаюць да 28 верасня. Сам аўкцыён адбудзецца 29-га ў электронным фармаце на пляцоўцы «БелЮрОбеспечение».
Пераможца павінен будзе поўнасцю разлічыцца за пакупку на працягу 10 рабочых дзён.

Дарога знаходзіцца на тэрыторыі плошчай амаль 3,4 га, але асобны зямельны ўчастак для яе не выдзяляўся.
Ёсць яшчэ адзін нюанс. На аб’ект накладзены арышт, і рэгістрацыйныя дзеянні з ім забаронены. Гэта звязана з выканаўчым вядзеннем, распачатым з-за даўгоў прадпрыемства.