Навукоўцы распавялі, як прыгожа перамагаць у спрэчках
1- 12.09.2026, 11:08
- 1,418
Псіхолагі прапануюць некалькі прыёмаў.
Спрэчка неабавязкова павінна заканчвацца канфліктам. Правільна падабраныя словы дапамагаюць адстаяць сваю пазіцыю, не псуючы адносін з суразмоўцам, піша Psychology Today (пераклад — сайт Charter97.org).
Псіхолагі прапануюць некалькі прыёмаў, якія асабліва карысныя, калі калега, начальнік або блізкі чалавек збіраецца прыняць, на ваш погляд, памылковае рашэнне.
Першая парада — гаварыць ад уласнага імя. Замест катэгарычнага «вы памыляецеся» лепш сказаць: «Я думаю, варта разгледзець яшчэ адзін варыянт». Такі падыход успрымаецца не як напад, а як асабістае меркаванне.
Не менш важна спачатку прызнаць моцныя бакі пазіцыі суразмоўцы. Пасля гэтага яму будзе прасцей пачуць пярэчанні. Дапамагаюць і ўдакладняючыя пытанні: яны паказваюць, што чалавек спрабуе разабрацца ў сітуацыі, а не проста спрачаецца.
Псіхолагі таксама раяць абапірацца на факты і прапаноўваць альтэрнатыву замест простага адмаўлення чужой ідэі. «Праціпастаўленне адной ідэі другой прымушае людзей абараняцца. Альтэрнатыва дае ім магчымасць знайсці рашэнне разам», — пішуць аўтары.
Вялікае значэнне мае і тон размовы. Нават дакладныя аргументы могуць выклікаць раздражненне, калі выказваць іх рэзка або пагардліва. Спакойная манера, наадварот, паказвае павагу да суразмоўцы.
Нарэшце, карысна нагадваць пра агульную мэту. Калі ўдзельнікі спрэчкі хочуць аднаго і таго ж выніку, рознагалоссі прасцей ператварыць у сумесны пошук рашэння.
«Найлепшыя каманды і адносіны — тыя, дзе нязгоду можна адкрыта і з павагай выказаць», — перакананыя аўтары.