Лукашэнка выдаў сябе сваімі дзіўнымі эмоцыямі
1- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 13.09.2026, 9:08
- 3,032
«Здзіўленне» дыктатара лёгка зразумець.
Здзіўленне дня. «Віцебская вобласць — самая шчаслівая! Хто б мог падумаць?»
Лукашэнка азнаёміўся з вынікамі даследавання па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, якое ў ліпені–жніўні 2026 года праводзіў праўладны Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі.
Выступаючы перад дзяржпрэсай на палігоне пад Баранавічамі, ён прадэманстраваў ва ўсёй красе сваю веру ў прыдворную сацыялогію.
«Я здзівіўся: Віцебская вобласць — самая шчаслівая! Хто б мог падумаць? Значыць, усё ж такі людзі ў нас моцныя. Мы будзем рабіць усё для таго, каб віцябляне і далей не былі расчараваныя».
Здзіўленне Лукашэнкі лёгка зразумець. На словах ён не раз ледзь не хаваў рэгіён. То публічна прызнаваўся на «Дажынках» у Полацку некалькі гадоў таму, што баіцца ўбачыць гэты край безлюдным. То ў парыве гневу, дакараючы мясцовых чыноўнікаў, казаў, што мы можам абысціся без Віцебскай вобласці.
Менавіта тут першымі пачалі аддаваць узбекскім бізнесменам загубленыя гаспадаркі — цалкам і па частках. Віцебскія прадпрыемствы, што не вытрывалі «моцных рук» дзяржавы, пераходзяць пад крыло набліжанага да палаца бізнесу.
Пры такіх уводных вынікі даследавання настрояў жыхароў Віцебшчыны і праўда дзіўныя. Праўда, рэакцыя кіраўніка на гэты «цуд» сацыялогіі не ўсяляе аптымізму. Перакладаючы на простую мову: «Вы шчаслівыя пасля ўсяго таго, што мы з вамі зрабілі? Працягваем у тым жа духу».
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»