Названы самыя папулярныя ў Польшчы турыстычныя накірункі
- 14.09.2026, 18:33
Кошт па-ранейшаму важны, але ён ужо не з'яўляецца адзіным крытэрыем выбару.
Паводле справаздачы Польскай турыстычнай палаты, сёлета палякі часцей за ўсё абіралі для адпачынку Турцыю, Грэцыю і Егіпет. У дзясятку лідэраў таксама ўвайшлі Іспанія, Балгарыя, Кіпр, Мальта і Харватыя, паведамляе Polskie Radio.
Польская турыстычная палата прааналізавала накірункі арганізаванага адпачынку. Вынікі паказваюць, што палякі найчасцей выбіраюць туры па сістэме «ўсё ўключана», адпраўляючыся ў падарожжа ў ліпені на сем-восем дзён і трацячы ў сярэднім 3200 злотых на чалавека.
«Што датычыць нашага выбару, то Турцыя ўжо многія гады ўтрымлівае першае месца, бо можа пахваліцца буйнымі курортамі і зручнымі авіязносінамі, — адзначае Катаржына Турасенска з Польскай турыстычнай палаты. — Там ёсць гатэлі, арыентаваныя выключна на дарослых, а таксама комплексы, прызначаныя для сем'яў з дзецьмі рознага ўзросту. Менавіта таму Турцыя — безумоўны лідар, які апярэджвае іншыя краіны».
Катаржына Турасенска тлумачыць, што пры выбары месца адпачынку палякі перадусім кіраваліся стабільным надвор'ем і спалучэннем кошту і якасці:
«Палякі таксама любяць наведваць Грэцыю і Іспанію, уключна з Канарскімі астравамі. Нам даспадобы Італія і Егіпет. Расце цікавасць і да такіх краін, як Албанія, Кіпр і Мальта».
Перавагі польскіх турыстаў змяняюцца. Паводле прадстаўніцы Польскай турыстычнай палаты, палякі сталі падарожнічаць больш свядома: яны параўноўваюць прапановы і аналізуюць водгукі ў інтэрнэце. Кошт па-ранейшаму важны, але ён ужо не з'яўляецца адзіным крытэрыем выбару, бо ўсё большую вагу набываюць бяспека, камфорт і якасць абслугоўвання. Кліенты чакаюць высокіх стандартаў, падкрэслівае Катаржына Турасенска.
«Польскі турыст набывае не толькі пражыванне і транспарт, але, перш за ўсё, пачуццё бяспекі, камфорт і ўпэўненасць у тым, што яго не пакінуць сам-насам з праблемай у выпадку непрадбачаных сітуацый. Гэта адно з галоўных змяненняў, якія мы назіраем у гэтым турыстычным сезоне», — кажа яна.
Катаржына Турасенска адзначае, што цікавасць да замежных паездак няўхільна расце, аднак і сама Польшча застаецца папулярным месцам адпачынку. Лідэрам па-ранейшаму з'яўляецца ўзбярэжжа Балтыйскага мора, за ім ідуць горы і азёры.
Прадстаўнікі польскай турыстычнай галіны могуць быць задаволеныя вынікамі гэтага лета. Паводле дадзеных Статыстычнага ўпраўлення Польшчы, у ліпені і жніўні 2026 года 10 мільёнаў турыстаў забраніравалі жыллё ў краіне.
Гэта рэкордны паказчык: ён на 2,5% перавышае дадзеныя за аналагічны перыяд 2025 года і на 22,6% — паказчыкі 2022 года. Ідзецца пра папярэднія звесткі, атрыманыя на падставе так званых экспрэс-ацэнак, таму пакуль невядома, якая частка з гэтых 10 мільёнаў чалавек прыпадае на грамадзян Польшчы, а якая — на замежных турыстаў.