Памёр саўзаснавальнік ВІА «Спяваючыя гітары» Яўген Браневіцкі
- 16.09.2026, 1:12
Фота: grodno24.com
У музыканта былі беларускія карані.
У 81-гадовым узросце памёр савецкі музыкант, бас-гітарыст, вакаліст, саўзаснавальнік ВІА «Спяваючыя гітары» Яўген Браневіцкі, які меў беларускія карані. Пра гэта паведаміла Ілона Браневіцкая, пляменніца артыста:
Прычынай смерці Браневіцкага, верагодна, стала пнеўманія.
Яўген Браневіцкі нарадзіўся 30 чэрвеня 1945 года ў Ленінградзе. На выбар прафесіі паўплываў прыклад старэйшага брата — заснавальніка і кіраўніка ансамбля «Дружба», які акампанаваў спявачцы Эдзіце П’еха, заслужанага артыста РСФСР Аляксандра Браневіцкага (дарэчы, першага мужа П’ехі).
У 1966 годзе Яўген далучыўся да тады ствараемага вакальна-інструментальнага ансамбля «Спяваючыя гітары», які прынёс яму вядомасць. Аднак у 1975-м класічны склад ВІА распаўся, Браневіцкі на працягу дзесяці гадоў быў бас-гітарыстам ансамбля «Дружба».
У 1989 годзе Эдзіта П’еха запрасіла Яўгена Браневіцкага ў свой калектыў, дзе ён працаваў да 1998 года. А ў 1997-м частка музыкаў з першага складу ВІА «Спяваючыя гітары» вырашыла ўз’яднацца. У абноўленым калектыве Браневіцкі быў бас-гітарыстам, вакалістам.
Дарэчы, Аляксандр Сямёнавіч, бацька Яўгена Браневіцкага і яго брата Аляксандра Браневіцкага, быў напалову беларусам, а жыццё прысвяціў ваеннаму флоту, даслужыўся да інжынера-капітана першага рангу. Пра гэта расказваў і ўнук Яўгена і Аляксандра Браневіцкіх, спявак Стас П’еха.
Дадамо таксама, што праз ленінградскі ВІА «Спяваючыя гітары» прайшло нямала музыкаў з Беларусі. Гэта Юрый Антонаў і Анатоль Чыжэўскі — выхадцы з ансамбля «Тоніка» спявака Віктара Вуячыча, а таксама Валянцін Бадзяроў, вядомы па «Песнярах» і «Сябрах».
Цікава, што менавіта Яўген Браневіцкі разам з калегам па «Спяваючых гітарах» і перацягнулі туды Юрыя Антонава. Гэта было ў 1969-м на гастролях у Данецку, дзе перасекліся два калектывы.