Галоўным эканамістам Сусветнага банка ўпершыню стаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі
- 16.09.2026, 18:35
Прафесар Чыкагскага ўніверсітэта прыступіць да абавязкаў 1 кастрычніка.
Галоўным эканамістам і старшым віцэ-прэзідэнтам па пытаннях эканамічнага развіцця Сусветнага банка стаў 61-гадовы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Майкл Крэмер. Пра яго прызначэнне паведамляе Reuters.
Крэмер стаў першым эканамістам, які прыходзіць на гэтую пасаду, ужо маючы Нобелеўскую прэмію, — у адрозненне ад Джозэфа Стыгліца і Пола Ромера, якія атрымалі гэтую прэстыжную ўзнагароду пасля сыходу з пасады галоўнага эканаміста банка. Раней ён выкладаў эканоміку ў Гарвардзе, там жа атрымаў дактарскую ступень.
Прафесар Чыкагскага ўніверсітэта зменіць на гэтай пасадзе Індерміта Гіла, які выйшаў на пенсію мінулага месяца, і прыступіць да абавязкаў 1 кастрычніка — незадоўга да штогадовых сустрэч Сусветнага банка і МВФ у Бангкоку.
«Майкл прысвяціў сваю кар’еру не проста таму, каб вызначыць, што працуе ў сферы развіцця, а таму, каб даказаць гэта на практыцы ў маштабе — і менавіта такое мысленне нам неабходна», — пракаментаваў прызначэнне прэзідэнт Сусветнага банка Аджай Банга.
Ён адзначыў, што Крэмер прыходзіць у арганізацыю ў момант, калі свету патрэбныя смелыя рашэнні найбольш вострых праблем развіцця, уключаючы стварэнне працоўных месцаў для больш як 1,2 млрд маладых людзей, якія ў бліжэйшае дзесяцігоддзе дасягнуць працаздольнага ўзросту.
«Група Сусветнага банка мае велізарны даследчы патэнцыял для распрацоўкі і тэставання інавацыйных рашэнняў праблем развіцця — і аперацыйныя магчымасці для іх маштабавання і паляпшэння жыцця людзей», — заявіў сам Крэмер.
Нобелеўскую прэмію па эканоміцы ён атрымаў разам з Эстэр Дзюфло і Абхіджытам Банерджы у 2019 годзе за эксперыментальны падыход да вырашэння праблемы глабальнай беднасці. Пасля гэтага Крэмер разам з жонкай, брытанскай эканамісткай Рэйчэл Гленнерстэр, распрацавалі механізм авансавых рыначных абавязацельстваў, які стымуляваў фармакампаніі распрацоўваць вакцыны для краін з нізкім узроўнем даходаў.