Коул: Калі б не гэтыя войны, мы б вызвалілі ўсіх беларускіх палітвязняў ужо да наступнага аўторка
8- 16.09.2026, 18:42
- 2,484
Спецыяльны пасланнік Трампа па Беларусі распавёў, як «таргаваўся» з Лукашэнкам.
Вайны ствараюць складанасці для ўрадаў ЗША і Бельгіі. Калі б не яны, дык усе беларускія палітвязні маглі б быць на свабодзе «да наступнага аўторка». Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Reuters спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коул.
У размове з журналістам ён раскрыў падрабязнасці перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам аб вызваленні вязняў.
«Спачатку іх (людзей у спісе на вызваленне — Заўв.) было двое. Потым — 14. Потым лічбы то раслі, то падалі… Для мяне галоўнае — каб справа рухалася і людзі атрымлівалі свабоду. І вось сёння я пакінуў (у Вільнюсе — Заўв. рэд.) групу з 25 чалавек, якія вельмі шчаслівыя. Яны вяртаюцца да нармальнага жыцця, і гэта найважнейшае. Думаю, што перамовы цяпер становяцца больш інтэнсіўнымі. Я маю на ўвазе, што яны праходзяць часцей. І я веру, што ў самай бліжэйшай будучыні мы зможам дабівацца вызвалення людзей сотнямі. Але сёння нам удалося вывесці 25 чалавек. Лічу гэта поспехам. Мы рухаемся ў правільным напрамку», — падкрэсліў Джон Коул.
Ён дадаў, што «прэзідэнт Трамп вельмі задаволены вынікамі».
«Я б сказаў, што ў асноўным прытрымліваўся падыходу прэзідэнта Трампа: ніякіх папярэдніх умоваў для перамоваў — проста размаўляць. Трэба запускаць працэс, не здавацца, а працягваць настойліва дзейнічаць, — і гэта прыносіць поспех», — сказаў спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША.
Джон Коул адзначыў: «калі б не гэтыя войны, мы б вызвалілі ўсіх ужо да наступнага аўторка».
«Але войны ствараюць складанасці для нашага ўрада, для ўрада Беларусі і для ўсіх астатніх у свеце. Таму гэта важны фактар. Было б цудоўна, калі б гэтыя войны скончыліся цяпер або ў найбліжэйшай будучыні. Але яны сур’ёзна ўскладняюць міжнародныя адносіны», — заявіў Коул.
Джон Коул падкрэсліў, што знайшоў падыход да Лукашэнкі.
«Напрыканцы, калі я ўжо сыходзіў, я паціснуў яму (Аляксандру Лукашэнку — Заўв.) руку і спытаў: „Мы па-ранейшаму сябры?“ Ён засмяяўся і адказаў: „Так“».
Нагадаем, пасля візыту Джона Коула ў Мінск 16 верасня 2026 года на свабоду выйшлі 25 палітвязняў. Іх адправілі аўтобусам у Літву.
Раней спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі паведаміў, што ў адказ на вызваленне 25 чалавек ЗША здымуць санкцыі з ААТ «Лакокраска» і канцэрна «Беллесбумпром».
Ён таксама паабяцаў, што вызваленне палітвязняў працягнецца пасля таго, як бакі вырашаць астатнія пытанні.