У Лідзе лекары выратавалі трох замежнікаў, якія атруціліся грыбамі
6- 2.09.2026, 20:24
- 1,798
Госці з Туркменістана з'елі бледную паганку.
Лекары выратавалі трох грамадзян Туркменістана, якія ў Лідзе атруціліся грыбамі. Лабараторны аналіз пацвердзіў, што гэта была бледная паганка. Пра гэта паведаміла тэлерадыёкампанія «Гродна».
Мужчыны цяпер адчуваюць сябе добра, але ўсё яшчэ знаходзяцца ў бальніцы.
«Мы назбіралі грыбоў, падсмажылі, паелі, не ведалі, што яны небяспечныя, думалі, што ядомыя. Збіралі ў лесе, з'елі крыху — талерку, на траіх», — расказаў адзін з атручаных Шатлык Хыдырбаеў.
Двое мужчын апынуліся ў рэанімацыі, трэці — у таксікалагічным аддзяленні. Лекары расказалі, што на момант паступлення ў іх былі пашкоджанні печані і нырак.
«Пацыенты паступалі з прыкметамі гастраэнтэрыту. На карысць гэтага дыягназу сведчылі выразныя зрухі лабараторных паказчыкаў — узровень трансаміназ быў у 200 разоў вышэй за норму (прыкмета сур'ёзнага пашкоджання клетак печані. — Заўв. рэд.). Выяўленая каагуляпатыя, парушэнне бялкова-сінтэтычнай функцыі печані, выяўленае пашкоджанне нырак. Нашы падазрэнні пазней былі пацверджаныя нацыянальнай антыдопінгавай лабараторыяй, дзе былі знойдзены альфа-, бэта-аманіціны, фалоідын, то бок гэта таксіны бледнай паганкі», — расказаў дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі ГРГМУ Сяргей Вінаградаў.
Нагадаем, мужчыны з прыкметамі атручвання грыбамі патрапілі ў бальніцу 19 жніўня. У ўсіх траіх былі болі, млоснасць, ваніты і дыярэя. Медыкі выказалі здагадку, што мужчыны маглі з'есці бледную паганку — адзін з самых ядавітых грыбоў.
Медыкі папярэджваюць, што пры атручванні бледнай паганкай праз два-тры дні можа наступіць мнімнае паляпшэнне стану. Пры гэтым таксіны, што змяшчаюцца ў грыбе, працягваюць паражаць клеткі печані і нырак, што можа прывесці да цяжкіх наступстваў, у тым ліку смерці. Тэрмічная апрацоўка гэтыя таксіны не разбурае.
Спецыялісты раяць не ўжываць у ежу грыбы, у бяспецы якіх няма поўнай упэўненасці.