Зюганаў спрагназаваў паразу Расіі пры працягненні вайны і захаванні курсу Пуціна
10- 21.09.2026, 19:42
- 4,960
Лідар КПРФ зрабіў нечаканую для Крамля заяву.
Лідар КПРФ Генадзь Зюганаў заявіў, што пры захаванні цяперашняга палітычнага курсу і працягненні вайны Расія ў выніку «праграе». На брыфінгу КПРФ па выніках выбараў у Дзярждуму ён заклікаў да «левацэнтрысцкага павароту» і пераходу да палітыкі «справядлівасці, дружбы і сацыялізму». «Калі курс не зменіцца і гэта знясільваючая вайна будзе далей працягвацца, усе прайграюць», — сказаў Зюганаў. Ён таксама раскрытыкаваў тэмпы эканамічнага росту Расіі. «Свет рухаецца наперад з хуткасцю 3–4%, а мы 15 гадоў маем 1%. Гэта недапушчальна», — абурыўся лідар КПРФ.
Зюганаў адзначыў тэхналагічную адсталасць Расіі ад астатняга свету, указаўшы, што «мы за 20 гадоў уласнага тэлефона не зрабілі». Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што за гады вайны колькасць расійскіх алігархаў узрасла са 105 да 155 чалавек, а сканцэнтраваныя ў іх сродкі, паводле слоў кіраўніка фракцыі, дасягнулі $700 млрд. «Алігархія… не хоча ўдзельнічаць у перамозе, плаціць нармальныя падаткі і ўкладацца», — заявіў лідар КПРФ, адначасова ўказаўшы на рост цэн у Расіі: паводле яго слоў, «боршчавы набор» за год падаражэў на 40%.
Днём раней Зюганаў у эфіры праграмы «Вести недели» на тэлеканале «Россия 1» заявіў пра фальсіфікацыі на выбарах і зняцце назіральнікаў ад КПРФ. Ён сцвярджаў, што папярэднія апытанні паказвалі ад 18 да 30% галасоў на карысць партыі, тады як пасля апрацоўкі 29,09% пратаколаў КПРФ атрымлівала 13,99%.
«Я паглядзеў некаторыя табліцы, якія нам круцілі на экранах цягам трох гадзін. Яны не адлюстроўваюць ніякай тэндэнцыі і рэальнай карціны», — сказаў Зюганаў. Ён таксама паведаміў, што ў Варонежы незаконна знялі ўсіх назіральнікаў КПРФ, і дадаў, што падобныя выпадкі адбываліся і ў іншых рэгіёнах.
Паводле папярэдніх звестак ЦИК, «Адзіная Расія» атрымлівае 57,97% галасоў па партыйных спісах і перамагае ў 208 з 225 аднамандатных акругаў. Партыя можа атрымаць рэкордныя 355 з 450 месцаў у Дзярждуме супраць 310 у папярэднім скліканні. КПРФ набірае 13,65%, ЛДПР — 8,96%, «Новыя людзі» — 7,9%, «Справядлівая Расія» — 5,13%. Яўка на выбарах 18–20 верасня склала 56,66%. Канчатковыя вынікі павінны быць падведзены не раней за 25 верасня.