Вядучыя тэлеканалы ЗША спыняюць асвятляць мерапрыемствы з удзелам Трампа
5- 21.09.2026, 21:01
- 3,844
Фота: Getty Images
ABC, CBS, CNN, Fox News і NBC абнародавалі сумесную заяву.
Вядучыя амерыканскія тэлеканалы дамовіліся прыпыніць сумеснае асвятленне дзейнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з-за забароны іх журналістам доступу ў Белы дом.
Пра гэта ў панядзелак, 21 верасня, паведамляе The New York Times.
Гэта стала чарговым абвастрэннем супрацьстаяння паміж адміністрацыяй Трампа і карэспандэнтамі, якія асвятляюць працу Белага дома. Канфлікт абвастрыўся на мінулым тыдні, калі прэзідэнт забараніў журналістам CNN, MSNBC і Politico доступ на тэрыторыю Белага дома.
У панядзелак гэтыя тры СМІ заявілі, што маюць намер звярнуцца ў суд, каб дамагчыся аднаўлення доступу да прэзідэнцкай рэзідэнцыі.
Пяць вядучых амерыканскіх тэлеканалаў — ABC, CBS, CNN, Fox News і NBC — доўгі час сумесна забяспечвалі тэлевізійнае асвятленне мерапрыемстваў з удзелам прэзідэнта ЗША. Яны дзялілі паміж сабой выдаткі, а таксама распаўсюджвалі відэаматэрыялы, якія выкарыстоўвалі навінавыя арганізацыі па ўсім свеце, піша NYT.
Прадстаўнікі тэлеканалаў па чарзе выконвалі функцыі тэлевізійнага пула, і гэтым разам за асвятленне паездкі Дональда Трампа ў Нью-Ёрк на Генеральную Асамблею ААН павінен быў адказваць CNN.
Адсутнасць тэлевізійнага пула на публічных мерапрыемствах прэзідэнта — сітуацыя нетыповая. У той жа час за дзейнасцю Трампа працягнуць сачыць журналісты друкаваных выданняў, радыё, інфармацыйных агенцтваў і фотакарэспандэнты.
«З сённяшняга дня тэлевізійны пул не будзе асвятляць мерапрыемствы з удзелам прэзідэнта, вызначаныя як падзеі для працы пула», — паведаміў членам кансорцыума кіраўнік вашынгтонскага бюро Fox News Браян Боутан, які цяпер выконвае абавязкі кіраўніка тэлевізійнага пула.
Паводле яго слоў, рашэнне звязана з пазіцыяй Белага дома, які не дазволіў CNN выконваць абавязкі ў межах пула. Новы склад тэлевізійнага пула фарміравацца не будзе, а іншыя фарматы працы журналістаў застануцца без зменаў.
Пазней ABC, CBS, CNN, Fox News і NBC абнародавалі сумесную заяву, у якой падкрэслілі важнасць незалежнага асвятлення дзейнасці ўлады.
«Грамадства жыццёва зацікаўленае ў доступе да дакладнай і незалежнай інфармацыі пра свой урад. Ніводная ўлада не павінна абмяжоўваць дзейнасць СМІ толькі таму, што ёй не падабаецца, як яны асвятляюць падзеі», — гаворыцца ў заяве тэлеканалаў.
18 верасня Трамп абвінаваціў CNN, MSNBC і Politico ў распаўсюдзе «фэйкавых навін» і заявіў, што не хоча бачыць журналістаў гэтых выданняў у Белым доме. Прэзідэнт ЗША таксама дапусціў магчымасць увядзення падобных абмежаванняў у дачыненні да іншых СМІ.
CNN назвала рашэнне адміністрацыі незаконным умяшаннем у працу журналістаў, а MS NOW і Politico заявілі, што маюць намер абараняць свае канстытуцыйныя правы і працягваць асвятляць дзейнасць Белага дома.
Мінулым годам адміністрацыя Дональда Трампа выключыла Reuters, Associated Press і Bloomberg News з пастаяннага пула журналістаў, якія асвятляюць дзейнасць прэзідэнта, дазволіўшы ім толькі эпізадычную прысутнасць на брыфінгах. У дачыненні да AP цяпер вядзецца судовае разбіральніцтва.