Расія прыдумала новы спосаб вербоўкі афрыканцаў на вайну
1- 22.09.2026, 15:43
Маладым мужчынам прапануюць ролі ў «кінапраекце».
Расія не стамляецца выдумляць спосабы для прыцягнення людзей на крывавую вайну, якую яна вядзе ва Украіне. Абманам, з абяцаннямі высокіх заробкаў у мірных прафесіях (у крайнім выпадку — у тыловых службах забеспячэння войскаў), ёй удалося завабіць у краіну, а потым адправіць на фронт ужо тысячы людзей з бедных краін Афрыкі і Азіі. Навінкай у рэкрутынгавай кампаніі стала прапанова ўдзельнічаць у здымках фільма.
У аб'яве, аформленай у стылі постара баевіка, сказана: «Глабальны кастынг. Новы кінапраект. Шукаюцца афрыканцы на мужчынскія ролі». Гэтая рэклама з'яўлялася ў Facebook, на ёй змешчаны створаны штучным інтэлектам відарыс чарнаскурых мужчын у вайсковай форме, піша Politico. У подпісах, наўмысна ці не, абыгрываецца слова shooting (па-англійску — і «стральба», і «здымка»).
Асноўная мэта рэкрутараў — маладыя мужчыны, якія не могуць знайсці пастаянную або хоць якую працу, не здольныя зарабіць сабе на годнае жыццё з-за цяжкай эканамічнай сітуацыі на радзіме. Афрыканская некамерцыйная арганізацыя Code for Africa выявіла 89 вэб-сайтаў, сем акаунтаў у Facebook і іншых сацсетках, 39 акаунтаў або каналаў у мэсенджарах, якія выкарыстоўваюцца ў рамках расійскай аперацыі, прычым пастаянна з'яўляюцца новыя.
Такім чынам на вайну ва Украіну трапілі жыхары Індыі, Шры-Ланкі, Кубы, Кеніі, Непала, Батсваны, ПАР і іншых дзяржаў. Кіраўнікі некаторых з іх, напрыклад ПАР і Кеніі, нават асабіста патрабавалі ад Уладзіміра Пуціна і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова спыніць гэтую практыку ў сваіх краінах.
Масква стварыла вялізную прапагандысцкую сістэму з дзясяткамі тысяч ботаў, інфлюэнсараў і кантэнт-маркетолагаў, якім даручана ствараць пераканаўчы наратыў для афрыканцаў, у якім Расія паўстае абаронцай іх свабоды, суверэнітэту і годнасці, сказаў Politico Уілл Браўн, старшы навуковы супрацоўнік Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах:
Спачатку мы думалі, што гэта прапагандысцкая сістэма патрэбная толькі для ўплыву на грамадскую думку. Але цяпер ясна, што яна таксама выкарыстоўваецца для вербоўкі адчайных маладых людзей на перадавую. [Тыя, хто трапіў туды,] распавядаюць пра расавыя абразы, пра тое, як у іх крадуць грошы і прымушаюць падпісваць кантракты [з Мінабароны РФ], змест якіх яны не разумеюць, а пасля тыднёвага навучання кідаюць на міннае поле.