Беларус запрасіў праз сацсеткі бясплатна выкопаць бульбу: яе разабралі за суткі
2- 23.09.2026, 17:27
- 1,534
Пост беларуса сабраў больш за 180 тысяч праглядаў.
Пакуль адны скардзяцца на няўраджай, у іншых дароў агарода зашмат. Беларус Міхаіл назбіраў столькі бульбы, што лішкі вырашыў раздаць праз Threads.
«Беларусь! Каму бульбы трэба? Прыязджайце — забірайце, колькі хочаце: у нас скончылася месца для захоўвання. Аграгорадок Даматканавічы [у Клецкім раёне], 1 гадзіна 40 хвілін ад Мінска», — напісаў мужчына.
Паказаць у Threads
У адказ на пытанні каментатараў ён патлумачыў, што ўжо назбіраў бульбы «на дзве зімы» — і месца для захоўвання ў яго скончылася, а часу выкапаць яму і зрабіць бурт няма. На фота відаць: гаспадар ужо ўзараў участак — бульбу застаецца толькі сабраць рукамі.
У каментарыях многія беларусы здзівіліся дабрыні Міхаіла і наракалі, што не могуць прыехаць.
«Паднімаю. Шыкарная бульба: буйная. Шкада, што я вельмі далёка, а то прыехала б. Дзякуй за вашу працу і клопат. Такую прыгожую бульбу вырасцілі!!!»
«Які добры чалавек — і пасадзіў, і ўзараў: няўжо не знойдуцца людзі, якія бясплатна для сябе збяруць? Аддзячыць трэба чалавеку».
«Дзякую за высакародны пост. Малайцы, што ўмееце дзяліцца!»
«Шкада, жыву вельмі далёка. Дзякуй за вашу працу!»
Але многія каментатары не захапляліся, а здзіўляліся, чаму мужчына не можа скласці бульбу ў бурт. Адна жанчына і ўвогуле папрасіла даставіць ураджай ёй у Мінск.
«Ды мой дзед бы мяне задушыў, калі б я на полі бульбу пакінуў… Робяць бурты — ямы, абкладзеныя плёнкай і саломай. Зверху салома — і ўсё гэта накрываюць зямлёй!»
«Чалавек вам бульбу прапануе, а вы яму — парады, як захоўваць. Навошта яму бурт у полі? Для злодзеяў і жывёл?»
«А прывезіце на метро «Аўтазаводская», бо ў мяне трое дзяцей — не магу сама забраць».
У выніку ўжо на наступны дзень бульбу ў Міхаіла забралі. Яго трэд у Threads сабраў больш за 180 тысяч праглядаў.
Усім бы такія праблемы.