«Умовы як для Букінгемскага палаца»
1- 24.09.2026, 11:38
- 1,270
Мінчукоў здзівіла аб'ява пра арэнду звычайнай двухпакаёвай кватэры.
Зняць жыллё ў Мінску часам аказваецца складаней, чым прайсці сумоўе на працу, жартуюць карыстальнікі Threads. У сацсетцы абмяркоўваюць аб'яву пра арэнду двухпакаёвай кватэры каля метро «Партызанская». За 1400 рублёў у месяц уладальнікі шукаюць жыльцоў без дзяцей і жывёл, а яшчэ — пэўнага ўзросту, сямейнага статусу і нават без уласнай мэблі.
«А ты зможаш прайсці гэты адбор, каб зняць кватэру ў Мінску?» — пацікавіўся аўтар паста і паказаў скрыншот аб'явы пра жыллё ў арэнду.
Кошт «двушкі» ў 350 метрах ад станцыі метро «Партызанская» — 1400 рублёў у месяц (гэта амаль 464 долары паводле курса Нацбанка на 24 верасня). Плюс прыблізна 100 рублёў у месяц — камунальныя. Таксама спатрэбіцца заклад, але яго памер не пазначаны.
Уладальнік гатовы здаваць толькі сям'і з двух чалавек у афіцыйным шлюбе альбо «дзяўчатам — (пары ў адносінах)». Як альтэрнатыва пазначаны малады спецыяліст або спецыялістка — але абавязкова са спраўкай з працы, якая гэта пацвярджае. «Толькі грамадзянам РБ, ніякіх іншых дзяржаў! Без дзяцей і жывёл, выключэнняў няма. Без сваёй мэблі — стул, стол, таршэр таксама нельга. Талерантным, культурным, гаспадарлівым. „Бытавыя інваліды“ — міма», — пазначана ў аб'яве.
Узрост арандатараў пажаданы ад 21 да 30 гадоў.

У каментарах многіх здзівілі такія патрабаванні.
«У мяне ёсць стул, таму — не».
«Выпіска з медкарткі, характарыстыка з месца працы, даведка аб адсутнасці судзімасцяў, крэдытная гісторыя дакладна не патрэбныя?»
«Умовы як для Букінгемскага палаца».
«А дзе ўзяць даведку, што я не бытавы інвалід і гаспадарлівая?»
«Не разумею такіх патрабаванняў. Больш за пяць гадоў здавала сваю кватэру, калі прасілі прыбраць нешта з мэблі або рэчаў, я прыбірала. Усе кватаранты былі са сваімі жывёламі — і з катом, і з сабакам. Ніколі ніякіх канфліктаў не было, зламалі — кампенсавалі, усе пытанні вырашаліся».
«Цікава, што такога нарабілі стул і таршэр былых кватарантаў, што цяпер так катэгарычна нельга?»
«Мне падаецца, ці ўжо на сумоўі на працу патрабаванняў менш, чым у арэндадаўцаў».
«Вельмі хітра, а маладым спецыялістам, каб яшчэ падатак не плаціць», — падзяліўся меркаваннем адзін з каментатараў. На што іншы адзначыў: «Гэта ўзаемавыключальныя паняцці, можна лічыць. Малады спецыяліст па размеркаванні павінен атрымліваць столькі, каб хапіла 1500 рублёў на жыллё. А яшчэ ежа, адзенне, зберажэнні, кабакі і хацелкі».
«І яшчэ трэба напісаць сачыненне на тэму „Чаму я вартая жыць у гэтай кватэры“».
Адна каментатарка прызналася, што знайшла аб'яву — кватэра на 47 квадратных метраў выглядае звычайнай, без вытанчанасцяў.

«Я тэлефанавала па аб'яве з такім жа апісаннем. На маё пытанне, адкуль такія патрабаванні па ўзросце (астатняе яшчэ сяк-так можна патлумачыць), гаспадыня адказала: „Бо да 30 я яшчэ магу людзям нешта тлумачыць, а старэйшыя — ужо свае правы пачынаюць качаць“. Во як! І самае цікавае, заўсёды знаходзіць ахвотных праходзіць гэты квест, кватэра не пустуе».
«Ужо бачу чаргу маладых спецыялістаў на арэнду кватэры за 1400 рублёў у месяц».