Санкцыі не перакрылі Расіі яшчэ адну важную крыніцу даходаў
1- 24.09.2026, 13:18
Пара заняцца расійскімі ўгнаеннямі.
Расійская індустрыя ўгнаенняў за час вайны не толькі захавала ключавыя замежныя рынкі, але і стала адной з крыніц фінансавання ваеннай машыны Крамля. Пры гэтым большая частка галіны дагэтуль не трапіла пад паўнавартасныя санкцыі Захаду, піша CEPA (пераклад — сайт Charter97.org).
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны пастаўкі расійскіх угнаенняў у Еўропу рэзка выраслі. На фоне энергетычнага крызісу і скарачэння ўласнай вытворчасці краіны ЕС сталі яшчэ мацней залежаць ад расійскай сыравіны. У 2022–2023 гадах рост цэн на газ прывёў да часовага закрыцця прыблізна 70% еўрапейскіх магутнасцяў па выпуску ўгнаенняў.
Расія, наадварот, атрымала сур'ёзную перавагу. Яе вытворцы мелі доступ да таннага газу і працягвалі нарошчваць экспарт. Пастаўкі азотных угнаенняў у ЕС выраслі на 27%, імпарт сумесяў падвоіўся, а Расія стала галоўным пастаўшчыком аміяку ў Еўрасаюз.
Сітуацыя пачала змяняцца толькі ў 2025 годзе, калі ЕС увёў пошліны на расійскія ўгнаенні. ЗША пры гэтым так і не ўвялі супраць іх прамых санкцый. Больш за тое, амерыканскія ўлады раней спецыяльна тлумачылі імпарцёрам, што расійскія ўгнаенні можна набываць без санкцыйных абмежаванняў.
Але праблема не толькі ў грошах. Расійскія хімічныя прадпрыемствы вырабляюць кіслоты і азотныя злучэнні, неабходныя для вырабу выбуховых рэчываў. Расследаванні ўказваюць на прамую сувязь паміж галіной ўгнаенняў і пашырэннем вытворчасці выбухоўкі для расійскай арміі.
«Захад не можа дазволіць Расіі выкарыстоўваць галіну ўгнаенняў для павелічэння даходаў і ўзмацнення ваеннага патэнцыялу», — адзначаюць аўтары.
Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі выбуховых рэчываў для расійскай арміі называюць «Уралхім» і «Еўрахім», звязаныя з уплывовымі расійскімі бізнесменамі.
ЗША і Еўропе пара паступова выціскаць расійскія ўгнаенні з рынкаў, павялічваючы ўласную вытворчасць. Злучаныя Штаты дзякуючы таннаму прыроднаму газу здольныя замяніць расійскія пастаўкі без сур'ёзнага дэфіцыту і росту коштаў.