Лукашэнка і «калідорны ястраб»
1- Андрэй Бронішэўскі
- 28.09.2026, 14:40
- 1,950
Якая дыктатура, такія і генералы.
У панядзелак Лукашэнка прызначыў намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі генерала Муравейку. Бываюць генералы баявыя, бываюць — паркетныя, а беларускі персанаж — сапраўдны калідорны. Бо былы начальнік Генеральнага штаба праславіўся, калі прарубваў калідор праз Літву, манеўраваў у раёне Сувалкскага калідора і пагражаў суседзям ядзернай бомбай. Карацей, перамагаў НАТА як мог. Праўда, выключна віртуальна.
Альтэрнатыва для Лукашэнкі
Сам Лукашэнка патлумачыў, што галоўны сэнс прызначэння — не ў узмацненні пазіцый сілавікоў. З ягоных слоў, галоўны сэнс — у ўзмацненні кантролю над сілавікамі.
«Тое, што ідзе ўзмацненне гэтай складовай — сілавога сектара і накірунку нашай краіны, — гэта натуральна. Бо мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны. Мне… важна мець некалькі, калі хочаце, альтэрнатыўных пунктаў гледжання на сітуацыю ў нашых сілавых падраздзяленнях», — сказаў Лукашэнка.
Таму Лукашэнка адразу ўдакладніў, што гэтым новым прызначэннем Муравейку ён нікому з былых калег не абавязаны. Паводле слоў Лукашэнкі, прызначэнне было яго асабістай ініцыятывай. І нават для Савета бяспекі гэта прызначэнне стала сюрпрызам.
«Таму будзьце вольныя ад усіх», — сказаў Лукашэнка.
Новы намеснік кіраўніка адміністрацыі паабяцаў адпавядаць. Сказаў, што альтэрнатыўны пункт гледжання ён забяспечыць. Праўда, ёсць нюанс.
«Гэта не азначае, што яна будзе адрознівацца ад пазіцый прадстаўнікоў сілавога блоку», — сказаў Муравейка.
Наш ястраб
То-бок былыя калегі могуць спаць спакойна. З боку новага намесніка кіраўніка адміністрацыі ім нічога кепскага не пагражае. Хоць увогуле новы намеснік кіраўніка адміністрацыі — арол. Месцамі нават ястраб. Такіх ястрабоў сярод беларускіх генералаў яшчэ пашукай.
Шырокае міжнароднае прызнанне прыйшло да генерала Муравейкі ў 2023 годзе, калі ён паабяцаў прарубіць калідор праз Літву сілай беларускай зброі. Праўда, пакуль ад прарубання калідора паабяцаў устрымацца. А то «пэўныя сілы на Захадзе» могуць няправільна зразумець.
Некаторыя ўсё зразумелі правільна. Літва заявіла афіцыйную ноту пратэсту. Але цягі да калідораў генерал Муравейка пасля гэтага не страціў. Восенню 2025 года і ўжо ў 2026 годзе генерал Муравейка камандаваў манеўрамі ў раёне Сувалкскага калідора. Пры гэтым тлумачыў, што «наступальных дзеянняў» ён не разглядае. Затое хваліўся, што навучыўся абыходзіцца з ядзернай бомбай і, калі трэба, гатовы яе ўжыць.
«Мы здольныя гэта рабіць. І можаце не сумнявацца: мы гэта зробім, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створаная пагроза», — казаў Муравейка ў 2024 годзе.
Праўда, апошнім часам беларускі ястраб стаў ужо не такім ваяўнічым, як раней. Па чужых калідорах не бадзяецца, ядзернай бомбай не пужае. А замест глабальнага пераўпарадкавання свету сканцэнтраваўся на патрэбах беларускай тэрытарыяльнай абароны.
Дык што ў адміністрацыі Лукашэнкі ён будзе якраз на сваім месцы. Бо якая краіна, такія ў ёй і ястрабы. Іншых усё адно ўзяць няма дзе.
Андрэй Бронішэўскі, planbmedia.io