5 верасня 2026, Субота, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэдкія гадзіннікі «Луч» з’явіліся на аўкцыёне EBay

Рэдкія гадзіннікі «Луч» з’явіліся на аўкцыёне EBay

За іх просяць у 12 разоў больш, чым яны каштавалі ў вытворцы.

На анлайн-аўкцыёне eBay з’явілася аб’ява пра продаж гадзіннікаў беларускага завода «Луч» з лімітаванай калекцыі «108 минут». Цана лота ў некалькі разоў перавышае тую, што была ў вытворцы. Цяпер гэтая мадэль ужо распрададзеная, піша «Зеркало».

Гадзіннікі на продаж выставіў карыстальнік з Германіі. Паводле апісання, яны новыя, у арыгінальнай упакоўцы і з дакументамі. Стартавая цана аўкцыёну — 2500 еўра (8934 рублі па курсе Нацбанка на 5 верасня). Але іх таксама прапануюць набыць па опцыі «Купіць цяпер» за 5700 еўра (20 370 рублёў).

На сайце беларускага вытворцы гэтай мадэлі гадзіннікаў ужо няма ў наяўнасці. Але пазначана цана (чамусьці ў расійскай валюце), па якой іх прадавалі, — 45 600 расійскіх рублёў. Гэта амаль 454 еўра або 1621 беларускі рубель. Такім чынам, стартавая цана на eBay перавышае першапачатковую ў 5 разоў, а цана «Купіць цяпер» — у 12 разоў.

Лімітаваную калекцыю «108 минут» вядомы вытворца гадзіннікаў выпусціў у красавіку 2026 года. Яна была прысвечаная 65-годдзю першага палёту чалавека ў космас. Партнёрам праекта выступіла расійская дзяржаўная карпарацыя «Роскосмос». Назва адсылае да працягласці палёту Юрыя Гагарына на караблі «Восток-1» — менавіта столькі часу спатрэбілася, каб абляцець Зямлю.

Яшчэ адна асаблівасць гадзіннікаў — 24-гадзінны цыферблат: стрэлка здзяйсняе поўны круг не за 12 гадзін, а за суткі. Гэта таксама адсылка да космасу: на МКС у працоўных раскладах экіпаж выкарыстоўвае 24-гадзінны фармат часу. Да таго ж стрэлкі зроблены ў выглядзе ракеты-носьбіта «Восток 8К72К».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках