Не толькі Уіткоф і Кушнер: хто яшчэ сустрэўся з Пуціным у Маскве
4- 6.09.2026, 8:07
- 5,570
Не выключана, што тэмай размовы маглі быць санкцыі ЗША супраць Расіі.
У суботу, 5 верасня, у Маскве адбылася сустрэча спецпрадстаўнікоў Трампа Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным. На ёй былі абмеркаваныя далейшыя крокі дзеля дасягнення міру ва Украіне.
Пра гэта паведамляе журналіст Axios Барак Равід у сацсетцы Х і журналіст Reuters Стыў Холанд.
«Уіткоф і Кушнер сустрэліся з прэзідэнтам Пуціным, каб прасунуць праграму прэзідэнта Трампа па ўсталяванні міру ў расійска-украінскай вайне... Бакі абмеркавалі змястоўныя планы далейшых крокаў, якія будуць абвешчаныя ў бліжэйшыя тыдні, і спадзяюцца на не менш прадуктыўныя сустрэчы заўтра (маецца на ўвазе 6 верасня — рэд.) ва Украіне», — напісаў Равід, і гэтую ж інфармацыю пацвердзіў Холанд.
Абодва журналісты спаслаліся на неназванага прадстаўніка Белага дома. Тая ж крыніца ўдакладніла, што ў склад дэлегацыі ЗША ўваходзілі таксама прадстаўнікі Савета нацыянальнай бяспекі, Дзярждэпартамента і Міністэрства фінансаў, каб абмеркаваць прапановы па завяршэнні вайны.
Пры гэтым прадстаўнік Мінфіна не ўдзельнічаў у перамовах з Пуціным, а размаўляў з пасланнікам Пуціна Кірылам Дзмітрыевым. Не выключана, што тэмай размовы сталі санкцыі ЗША супраць Расіі.
«Джын Лэнг, выконваючы абавязкі кіраўніка Міністэрства фінансаў па санкцыях, далучыўся да Уіткофа і Кушнера ў гэтай паездцы. Лэнг удзельнічаў у падрыхтоўчай сустрэчы з пасланнікам Пуціна Кірылам Дзмітрыевым, але не прысутнічаў на сустрэчы з Пуціным», — паведаміў Барак Равід.