Зяленскі: ЗША падтрымліваюць «зімовы пакет» для Украіны
4- 7.09.2026, 22:04
Гаворка не толькі пра СПА.
Злучаныя Штаты падтрымліваюць «зімовы пакет» для Украіны, які будзе складацца з некалькіх частак.
Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў выданню Axios.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Вашынгтон падтрымлівае асобны «зімовы пакет» для Кіева, які ўключае супрацьпаветраную абарону і дапамогу ў энергетычнай сферы.
«Гаворка не толькі пра ракеты. Гэта таксама пра ЗПГ (звадкаваны прыродны газ) і пра меры па дээскалацыі», — падкрэсліў Зяленскі.
Нагадаем, Зяленскі падчас сустрэчы ў ЗША з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам папрасіў даць Украіне тэрміновы «зімовы пакет» ракет-перахопнікаў для сістэм СПА Patriot.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Украіна хоча сабраць 300 ракет-перахопнікаў да пачатку зімы. Прэзідэнт Украіны адзначыў, што ўкраінскія запасы ракет-перахопнікаў амаль вычарпаныя, і без іх краіна не можа абараніцца ад балістычных ракет.
Зяленскі патлумачыў, што калі гэтая праблема не будзе вырашана да зімы, атакі Расіі могуць знішчыць украінскія электрастанцыі, пакінуўшы без святла і ацяплення мільёны ўкраінцаў і стварыўшы гуманітарны крызіс.