З Вугоршчыны высылаюць расійскіх дыпламатаў
5- 8.09.2026, 14:52
- 8,746
Дзесяць супрацоўнікаў дыпламатычнага прадстаўніцтва павінны пакінуць краіну.
Улады Вугоршчыны запатрабавалі, каб дзесяць супрацоўнікаў расійскага дыпламатычнага прадстаўніцтва пакінулі краіну. Гэта найбуйнейшая адначасовая высылка расійскіх дыпламатаў у гісторыі Вугоршчыны.
Міністр замежных спраў Аніта Орбан паведаміла, што рашэнне было прынята на падставе ацэнак вугорскіх спецслужбаў.
«Дзесяць супрацоўнікаў расійскага прадстаўніцтва займаліся ў Вугоршчыне дзейнасцю, якая паводле Венскай канвенцыі непрымальная для дыпламата», — заявіла яна.
Расійскага пасла ў Будапешце ўжо праінфармавалі пра рашэнне. Паводле слоў Орбан, высылка павінна абараніць бяспеку і суверэнітэт Вугоршчыны.
Пры гэтым Будапешт не збіраецца разрываць дыпламатычныя адносіны з Масквой і мае намер захоўваць «неабходны дыялог пры ўзаемнай павазе і выкананні правілаў».
Пасля прыходу да ўлады Пятэра Мадзяра Вугоршчына пачала прыкметна адыходзіць ад знешнепалітычнага курса экс-прэм'ера Віктара Орбана, скіраванага на цесныя адносіны з Масквой і канфлікты з Брусэлем. Новы ўрад узяў курс на збліжэнне з ЕС і стаў больш жорстка ацэньваць дзеянні Расіі: у жніўні Будапешт афіцыйна назваў Маскву пагрозай для Вугоршчыны, Еўропы і міжнароднага парадку.