Зяленскі анансаваў важную сустрэчу з Трампам у верасні
1- 8.09.2026, 12:57
Прэзідэнт Украіны распавёў, якія тэмы найперш могуць быць узнятыя на перамовах.
Сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа можа адбыцца ў дваццатых чыслах верасня.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта заявіў прэзідэнт Зяленскі ў каментары журналістам.
Зяленскі паведаміў, што Украіна рыхтуе сваю ракетную праграму «Фрэя» і спадзяецца на падтрымку гэтага кірунку з боку ЗША.
З еўрапейскімі партнёрамі Кіеў, паводле слоў прэзідэнта, дакладна атрымае жаданы вынік. Аднак на дадзены момант Украіне патрэбныя пакеты балістычных ракет менавіта ад амерыканскага боку.
Зяленскі разлічвае ўзняць гэтае пытанне на сустрэчы з Дональдам Трампам.
«Я разлічваю ў 20-х чыслах на сустрэчу з Трампам. Узняць гэтую тэму. І дай Бог, будзе вынік», — сказаў Зяленскі.
Паводле слоў Зяленскага, бакі рухаюцца да трохбаковага фармату перамоваў.
«Мы дамовіліся з амерыканскім бокам: давайце ўсё гэта падрыхтуем паміж сабой, а потым ужо праінфармуем», — дадаў ён.