16 чэрвеня 2026, aўторак, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віват, Альгерд! Хвала айчыне!

Учора ў кавярні “Добрыя мысьлі” прайшоў заключны дзень працы мастацкай выставы “Віват, Альгерд! Хвала айчыне!”, прысвечанай перамозе беларускага войска над татарамі ў бітве на Сініх Водах 645 год таму. У кавярні цягам двух тыдняў выстаўлялася каля 20 тэматычных мастацкіх прац, розных аўтараў. Былі прадстаўлены карціны Міколы Купавы, Арлена Кашкурэвіча, Івана Пратасені, Віктара Сташчанюка, Валянціны Праўдзінай, Міхася Басалыгі, Віктара Маркаўца ды іншых мастакоў.

Падвесці вынікі, зрабіць свае заўвагі, паразважаць над будучымі праектамі прыйшлі мастак Мікола Купава, літаратар Уладзімер Сіўчыкаў, мастацтвазнаўца Яуген Шурэйка даследчык з Украіны Уладзімер Цімашенка, а таксама прыхільнікі нацыянальнага адраджэнскага мастацтва.

“Гэтая бітва зрабіла важкі ўнёсак у летапіс славы беларускай зброі. Яна ўвасобілася ў мастацкай літаратуры. Пра князя Альгерда, які кіраваў беларускімі войскамі, напісана два рамана. Але гэтая гістарычная падзея толькі зараз нашымі намаганнямі ўвасобілася ў выяўленчым мастацтве. Выстава, прысвечаная бітве на Сініх Водах, зладжана ўпершыню. Яна прайшла тут у Менску”, - адзначыў арганізатар выставы мастак Мікола Купава.

Праз тры месяцы плануецца падобная, больш пашыраная выстава на тэму бітвы на Сініх Водах у Палацы мастацтваў. Пакуль для тых, хто не здолеў трапіць на выставу ў “Добрых мысьлях” створаны інтэрнэт-сайт, дзе размешчана большасць прац прысвечаных перамозе князя Альгерда.

ДАВЕДКА:

У 1362 годзе князь Альгерд разам з войскам з Кіеўшчыны ды Валыні выступіў супраць татарскіх ордаў. Бітва адбылася каля ракі Сінія Воды - левае прытокі Паўднёвага Буга, што пазней стала называцца Сінюхай. Сеча каля Сініх Водаў, мела вялікае палітычнае значэнне. Яна сталася пачаткам вызвалення ўсходнеславянскіх земляў ад ардынскага панавання. Падуладная татарам тэрыторыя ажно да вусцяў Дняпра, Днястра і нізавіны Паўднёвага Буга перайшла пад кантроль Вялікага Княства Літоўскага. Разгром аб'яднаных татарскіх сілаў каля Сініх Водаў стаў першай буйной перамогай над ардынцамі ва Ўсходняй Эўропе. Яна была натхняльным прыкладам для ўсходніх славянаў, што цярпелі золатаардынскае ярмо. Поспех Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі - разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках