3 траўня 2024, Пятніца, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь – адзіная краіна ў свеце, дзе за дацкія карыкатуры арыштавалі журналіста

17

Карыкатуры на прарока Мухамеда былі апублікаваныя ў дацкай газеце "Юлландс-Постэн" 30 верасня 2005 года. Публікацыі выклікалі хвалю масавых маніфестацый пратэсту ў арабскім свеце. У шэрагу краін быў абвешчаны байкот дацкім таварам, праходзілі дэманстрацыі пратэсту. Але ў ніводнай краіне журналіста не арыштавалі за перадрук карыкатур. Толькі ў Беларусі рэдактара газеты «Згода» асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

З асуджэннем карыкатур выступіла міжнародная супольнасць. Генеральны Сакратар ААН Кофі Анан, Генеральны Сакратар Арганізацыі Ісламскай Канферэнцыі (АІК) Экмелледзін Іхсанаглу і Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўер Солана заклікалі тады міжнародную супольнасць да спакою і спынення эскалацыі, выкліканай публікацыямі карыкатур на прарока Мухамеда. У сумеснай дэкларацыі яны адзначалі, што карыкатуры, якія абразілі веру мусульман, не могуць разглядацца ў рамках свабоды слова.

Ісламскія суполкі ў Еўропе падавалі на выданні судовыя пазовы ў сувязі з тым, што карыкатуры «абразілі іх рэлігійныя пачуцці». Аднак пастановы судоў зводзіліся да апраўдальных прысудаў, бо «малюнкі абараняюцца законам аб свабодзе самавыяўлення і не наносяць шкоду ісламу». Прэцэдэнтам стала толькі звальненне рэдактара газеты "Франс Суар" з ініцыятывы наймальніка.

Дацкі суд не прыняў да разгляду пазоў «аб распальванні нацыянальнай, расавай і рэлігійнай варожасці» па факце публікацыі карыкатур да газеты "Юлландс-Постэн".

У Малайзіі ў лютым 2006 года быў толькі часова прыпынены выхад трох газет, якія надрукавалі карыкатуры, але праз некаторы час газеты аднавілі сваю працу.

У Волагдзе (Расея) суд цалкам апраўдаў Ганну Смірнову, галоўнага рэдактара гарадской газеты «Наш рэгіён», якая надрукавала карыкатуры.

Дададзім, што самымі жорсткімі прысудамі скончыліся суды ў мусульманскіх краінах Іарданіі і Емене. Да двух месяцаў турмы былі прысуджаныя журналісты ў Іарданіі, але яны былі выпушчаныя пад заклад у зале суду. Галоўны рэдактар еменскай газеты Al-Rai Al-Aam («Грамадская думка») Камаль аль-Альфі быў асуджаны на год турэмнага зняволення, але генеральны пракурор адмяніў гэтае рашэнне, назваўшы яго занадта жорсткім за перадрук карыкатур.

Толькі ў Менску, 18 студзеня 2008 года, гарадскі суд сталіцы прысудзіў былога рэдактара газеты "Згода" Аляксандра Здвіжкова да 3 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за перадрук карыкатур на прарока Мухамеда.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках