20 красавiка 2024, Субота, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З турмы – на допыт у пракуратуру

Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску на волю выходзяць моладзевыя актывісты, якіх затрымалі 16 студзеня і арыштавалі на 15 сутак, а таксама тыя, каго арыштавалі на 10 сутак за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня.

Як паведамляе “Радыё Свабода”, актывіста кампаніі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма, які адбываў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня, адразу з турмы на Акрэсьціна павезьлі на допыт у пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску.

Яго дапытваюць у крымінальнай справе паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу “Пагроза альбо гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі”.

Сярод тых, хто ўжо на свабодзе, моладзевыя актывісты Франак Вячорка, Юрась Станкевіч, Кацярына Галіцкая, Кацярына Краснова і Людміла Атакулава, Уладзімер Сяргееў і Андрэй Прасняк.

За кратамі турмы на вуліцы Акрэсьціна застаюцца адбываць арышты некалькі прадпрымальнікаў, сярод якіх Артур Піцько, Сяргей Шаўцоў, Віктар Кукрыш, Уладзімер Няпомняшчы, а таксама актывіст кампаніі “Джынс за свабоду” Павал Кур’яновіч і актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук.

Учора міністр унутраных спраў Навумаў заявіў, што за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці да 50 чалавек. А 21 студзеня міністр Навумаў асабіста кіраваў разгонам людзей, якія прыйшлі на плошчу Незалежнасьці ў Менску, каб перадаць свае патрабаваньні прэм’еру Сідорскаму.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках