19 траўня 2024, Нядзеля, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі «Белсат» патрапіць у беларускія кабельныя сеткі?

9

Тэлеканал “Белсат” ад 1 студзеня пачаў вяшчанне ў кабельнай сетцы польскага горада Гайнаўка. Там жыве шмат этнічных беларусаў, і, пэўна, беларускамоўнае тэлебачанне будзе ім даспадобы. Але ці змогуць беларусы ў Беларусі глядзець “Белсат” без спадарожнікавай антэны? Ці магчыма будзе пабачыць першы незалежны і цалкам беларускамоўны телеканал у звычайных кабельных сетках?

У Польшчы дамагчыся ўключэння беларускага тэлеканала “Белсат” можа просты жыхар любога горада, як і адбылося ў Гайнаўцы. Па словах выкладчыка гісторыі гайнаўскага ліцэя Яўгена Янчука, гэта была ініцыятыва жыхароў горада, якія звярнуліся да кіраўніцтва кабельнага аператара і папрасілі ўключыць у сетку вяшчання тэлеканал “Белсат”.

Аднак наколькі магчыма гэта зрабіць у Беларусі? Каб “Белсат” трапіў у спіс каналаў кабельных сетак, спачатку патрэбная згода кіраўніцтва кабельнага аператара. “Радыё Рацыя” паспрабавала дазнацца, як адбываецца адбор таго ці іншага канала для ўключэння яго ў пакет вяшчання.

Па словах кіраўнік аддзела маркетынгу самага папулярнага кабельнага аператара - кампаніі “Космас ТВ” Аляксандра Карнавуха працэс адбору канала адбываецца паводле апытанняў абанентаў. “Мы кожны год праводзім апытанне нашых абанентаў наконт таго, якія каналы яны б жадалі ўключыць у пакет і якія каналы яны б хацелі з пакета прыбраць”, - кажа сп. Карнавух.

Аднак вынік галасавання гледачоў не з’яўляецца канчатковым. Усё вырашае кіраўніцтва кампаніі. Як сцвярджае сп. Карнавух, пытанне аб уключэнні ў пакеты вяшчання тэлеканала “Белсат” не разглядаецца, паколькі не было апытання абанентаў і не было прапановы з боку самога тэлеканалу “Белсат”.

Як патлумачыла дырэктарка “Белсату” Агнешка Рамашэўская, бліжэйшым часам канал мае намер звярнуцца да кабельных аператараў з прапановамі аб супрацы. Адбудзецца гэта пасля скачэння тэставага і пачатку паўнавартаснага вяшчання. Аднак спадарыня Рамашэўская таксама кажа пра праблемы, з якімі можа сутыкнуцца “Белсат” у гэтым пытанні. Калісьці з кабельных сетак у Гародні пад ціскам уладаў былі выкінутыя папулярныя польскія тэлеканалы.

Калі б канал змог транслявацца праз кабельныя сеткі ў буйных гарадах, то яго аўдыторыя змагла б стаць значна большай, чым пры вяшчанні праз спадарожнік. У тым, каб беларусы змаглі без перашкодаў атрымліваць незалежную інфармацыю праз “Белсат”, мусіць быць зацікаўленае не толькі кіраўніцтва канала. Ці плануюць палітыкі рабіць нешта, каб “Белсат” пабачыла як мага больш людзей?

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі кажа, што Фронт з свайго боку зробіць усё магчымае, каб дапамагчы першаму незалежнаму беларускамоўнаму каналу патрапіць у кабельныя сеткі краіны.

А тым часам ад наступнага аўторка ў эфіры “Белсату” з’явяцца і папулярныя тэлесерыялы. Пачнецца таксама вяшчанне новых праграмаў. А праграма навінаў “Аб’ектыў” павялічыцца на 5 хвілінаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках