Юшчанка абвясціў аб роспуску Вярхоўнай Рады Ўкраіны
- 9.10.2008, 8:26
Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка ў сераду абвясціў аб роспуску Вярхоўнай Рады і неабходнасці правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў.
"У адпаведнасці з Канстытуцыяй я абвяшчаю аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады шостага склікання і правядзенні датэрміновых парламенцкіх выбараў", - цытуе агенцтва словы Юшчанкі, сказаныя прэзідэнтам Украіны ў сераду ўвечар падчас тэлезвароту да народа.
Падставай да такога рашэння прэзідэнта стала тое, што палітычныя партыі, прадстаўленыя ў Радзе, не сфарміравалі кааліцыю ў адведзены для гэтага 30-дзённы тэрмін. Нагадаем, што паводле ўкраінскага заканадаўства, прэзідэнт мае права распусціць парламент у выпадку, калі дэпутатам на працягу месяца пасля пачатку працы або развалу старой кааліцыі не атрымліваецца сфарміраваць большасць. Па словах самога Юшчанкі, да 8 кастрычніка ён не атрымаў прапановаў ні ад адной палітычнай сілы аб фарміраванні кааліцыі ў складзе больш за 225 дэпутатаў.
Сёння на сайце Прэзідэнта Ўкраіны з'явіўся ўказ аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады шостага склікання. Паводле ўказу, Юшчанка прызначыў правядзенне выбараў на 7 снежня.
Раней Юшчанка неаднаразова падаўжаў тэрмін, адведзены дэпутатам на стварэнне кааліцыі. Так, 4 кастрычніка Юшчанка падоўжыў тэрмін працы дзейснага парламента да 7 кастрычніка, аднак ужо 6 кастрычніка прэзідэнт Украіны заявіў, што падасць дэпутатам "яшчэ некалькі" дзён на фарміраванне парламенцкай кааліцыі.
Нагадаем, парламенцкая кааліцыя Блока Юліі Цімашэнка і блока "Наша Ўкраіна-Народная самаабарона" (НУНС) распалася 3 верасня ў сувязі з выхадам НУНС з альянсу.