Лазавік: Казулін можа балатавацца ў прэзідэнты, калі з яго знятая судзімасць
3- 9.10.2008, 15:03
Былы палітвязень Аляксандр Казулін, магчыма, зможа балатавацца ў прэзідэнты на наступных выбарах, сцвярджае сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.
Як заявіў у інтэрв'ю «Еўрарадыё» Мікалай Лазавік, паводле выбарчага заканадаўства кандыдаты ў прэзідэнты маюць пэўныя абмежаванні, у тым ліку — у сувязі з судзімасцю.
«І адно з абмежаванняў — кандыдатам у прэзідэнты можа быць грамадзянін, які не мае судзімасцяў. Калі да таго часу судзімасць з яго будзе знятая ці пагашаная, ён можа балатавацца кандыдатам у прэзідэнты», - адзначыў Лазавік.
Нагадаем, 7 кастрычніка намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун заявіў, што з былога палітвязня Аляксандра Казуліна знятая судзімасць.
На пытанне, ці здымае акт амністыі судзімасць з Казуліна, Аляксей Бягун адказаў сцвярджальна, падкрэсліўшы, што Аляксандр Казулін зараз выязны з краіны.
Але ні сам А.Казулін, ні яго адвакат Дзмітры Жара дагэтуль не атрымалі на рукі акт аб памілаванні, паводле якога палітвязень выйшаў на волю.
16 жніўня Аляксандр Казулін быў памілаваны на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым часовы выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Алег Слепчанка ўдакладніў, што «памілаванне не здымае з яго судзімасць».
Былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін быў арыштаваны за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года. 13 ліпеня 2006 года Менскі суд прысудзіў Аляксандра Казуліна да 5,5 гадоў турэмнага зняволення.