Актывістаў «Маладога Фронту» затрымалі каля Вярхоўнага суда (Абноўлена)
1- 20.11.2008, 16:23
Супрацоўнікі аховы Вярхоўнага суду затрымалі актывістак «Маладога Фронту» Насту Палажанку і непаўналетнюю Юлію Міхайлаву.
Некалькі актывістаў «Маладога Фронту» правялі акцыю насупраць будынку Вярхоўнага суду. Яны трымалі расьцяжку «Нюрнбэрскі працэс над камунізмам», перадае «Радыё Свабода».
Спачатку ахоўнікі схапілі Юлію Міхайлаву. Пасьля таго, як празь пяць хвілін дзяўчынку ня выпусьцілі, даведацца, што зь ёю, пайшла Наста Палажанка. У выніку ахоўнікі затрымалі абедзьвюх дзяўчат.
У Вярхоўны суд прыехалі супрацоўнікі КДБ і размаўлялі з кожнай дзяўчынай паасобку. У прыватнасьці, яны цікавіліся, што тыя маюць супраць камунізму.
Праз гадзіну Насту Палажанку адпусьцілі, а непаўналетнюю Юлію Міхайлаву адвезьлі ў міліцыю Ленінскага раёну. У 18:15 дзяўчыну забралі сваякі.