Лукашэнка стаў ахвярай дзяржцэнзуры?
6- 17.12.2008, 10:32
Паведамленні з цытатамі Аляксандра Лукашэнкі па газавым пытанні, ледзь паспеўшы з'явіцца на стужках агенцтваў БелТА і «Інтэрфакс», адразу жа зніклі.
Учора Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Беразяно на цырымонію газіфікацыі гэтага беларускага горада. Відавочна, што падчас мерапрыемстваў Лукашэнка не мог не закрануць тэму кошту на газ для Беларусі ў 2009 годзе.
«Перамовы (з Расеяй па газе) кожны год ідуць цяжка», - панаракаў Лукашэнка.
Па ягоных словах, сёлета сітуацыя з перамовамі будзе аналагічнай. Пры гэтым ён паабяцаў хуткім часам абгаварыць газавае пытанне з кіраўніцтвам Расеі.
«Хуткім часам мы сустрэнемся з кіраўніцтвам Расеі, каб абгаварыць гэтае пытанне. Перспектывы, зыходзячы з сусветных коштаў, пакуль нядрэнныя», - заявіў Лукашэнка.
Зрэшты, як піша АФН, паведамленні з цытатамі Лукашэнкі па газавым пытанні, ледзь паспеўшы з'явіцца на стужках агенцтваў БелТА і Інтэрфакс (два СМІ, дапушчаных у пул), тут жа зніклі з іх таемным чынам. Атрымліваецца, што Лукашэнка аб газе не казаў.
Ёсць некалькі прычын, якія тлумачаць, чаму дзяржцэнзура «зачысціла» выказванні Лукашэнкі, адзначае АФН.
Па-першае, магчымасць сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніцтвам Расеі – Мядведзевым або Пуціным – выклікае вялікі сумнеў пасля адмовы беларускага кіраўніка прыняць удзел у запланаваным на 1 снежня паседжанні вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы». І хоць учора СМІ Казахстана і Расеі паведамілі, што на 19 снежня ў Бішкеку запланаваны нефармальны саміт лідэраў краін СНД, Лукашэнка наўрад ці зможа ў межах гэтага мерапрыемства абгаварыць газавую тэму з Мядведзева. Досыць успомніць нефармальны саміт у Пецярбургу ў чэрвені гэтага года, на якім Медведев знайшоў час для ўсіх лідэраў краін СНД, акрамя Лукашэнкі. Акрамя таго, афіцыйны Менск ніяк не адрэагаваў на паведамленне аб саміце, што кажа аб тым, што Лукашэнка наогул не збіраецца ў Бішкек.
Ёсць і яшчэ адзін момант, што ўказвае на стан адносінаў паміж Лукашэнкам і кіраўніцтвам Расеі (не блытаць з адносінамі паміж Беларуссю і Расеяй) – Лукашэнка з'ехаў у Беразяно нягледзячы на той факт, што ў Менску праходзіла 35-я сесія Парламенцкага сходу Беларусі і Расеі з удзелам у якасці назіральнікаў кіраўнікоў парламентаў, што адкалоліся ад Грузіі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
Па-другое, стогны з нагоды складаных газавых перамоваў можа выклікаць у Маскве чарговы воплеск раздражнення – сусветныя кошты на нафту, да якіх прывязаны кошт на газ, упаў ў тры разы ў параўнанні з летнім пікам. Не выключана, што ў гэтай сувязі кошт на газ для Беларусі ў 2009 годзе можа ўпасці да жаданых $140 за тысячу кубоў або зусім не змяніцца ў параўнанні з 2008 годам, а таму ў Менску ўпадабалі не чапаць «ліха», пакуль яно ціха.
Па-трэцяе, беларускія ўлады не забыліся наступстваў газавага супрацьстаяння ў снежні 2006 года і які рушыў за гэтым нафтавага канфлікту. Тады спроба Менска выбіць з Расеі жаданы кошт скончылася панікай насельніцтва з нагоды магчымай дэвальвацыі курсу беларускага рубля – насельніцтва пачало ў экстраным парадку скупляць валюту, і ў студзені 2007 года Беларусь апынулася на мяжы дэфолту. Сітуацыя была выратаваная трансферам дружалюбнага нам аўстрыйскага Райфазенбанка ў 300 млн. даляраў, а праз паўгады Беларусь прадала аўстрыйкай Telecom Austria аператара мабільнай сувязі Velcom.
Відавочна, што выносіць на публіку ўсе цяжары цяперашніх газавых перамоваў ва ўмовах штомесячнага скарачэння на 600 млн. даляраў золатавалютных рэзерваў краіны з-за крызісу беларускія ўлады палічылі занадта рызыкоўнай справай – занадта ўжо дорага дастаецца ўладам захаванне банкаўскай сістэмы. Любая неасцярожная заява можа прывесці да маментальнай рэакцыі насельніцтва, якое пачне здымаць уклады ў банках. Што рушыць услед за гэтым – зразумела нават школьніку.
Зрэшты, зачышчаючы выказванні Лукашэнка наконт газавых перамоваў, афіцыйная цэнзура прапускае выразы беларускага кіраўніка аб крызісе, здольныя выклікаць такі жа эфект.
«Нам трэба перажыць 2009-2010 гады, адчуваю, што гэтыя два гады будуць няпростыя, але і панікаваць не варта. Сітуацыя ў краіне кіруемая», - сказаў сёння Лукашэнка.
Такім чынам, гаворка ідзе ўжо аб двух «няпростых» гадах, хоць два месяцы таму Лукашэнка забараніў згадваць слова «крызіс», а месяц таму ён казаў аб двух няпростых месяцах.
Можа быць, беларускія ўлады спадзяюцца, што насельніцтва, прачытаючы ў афіцыйнай прэсе і пачуўшы па беларускім тэлебачанні аб двух няпростых гадах, завострыць сваю ўвагу на выразах Лукашэнкі аб тым, што звальненняў не будзе: «Мы сваіх людзей не кінем. Мы бачым, што такое сёння прыватнік у Расеі. Прыйшоў крызіс, ён прадпрыемствы зачыніў. Наша шчасце, што мы не кінуліся на прыватызацыю», а таксама «за маю бытнасць нам падкідваюць ужо трэці крызіс».
Ці варта казаць, што акрамя звальненняў існуе маса іншых варыянтаў, як пазбавіцца ад непатрэбных працаўнікоў – вымушаныя адпачынкі, скарочаны працоўны дзень, тэрміновы рамонт цэхаў і г.д..
Аднак варта звярнуць увагу на іншы факт. За ўсю бытнасць Лукашэнкі дэпазітна-крэдытная піраміда ў беларускіх банках яшчэ ні разу не дасягнула такога размаху, як у 2008 годзе. У гэтым сэнсе асцярога дзяржцэнзуры суцэльна зразумелая – абвал гэтай піраміды (банкаўскай сістэмы і ўсёй эканомікі) можа стаць своеасаблівым беларускім «11 верасня».