За пратэст на цэнтральнай плошчы Берасьця арыштавалі апазыцыянэраў (Фота)
1- 2.12.2008, 16:15
Сёньня на цэнтральнай плошчы Берасьця міліцыя спыніла пікет прадстаўнікоў апазыцыі. Трое ўдзельнікаў былі дастаўленыя ў аддзел міліцыі Ленінскага раёну. Паводле пратаколу, ім пагражае грашовы штраф альбо арышт.
На цэнтральнай плошчы Берасьця перад будынкам аблвыканкаму жыхарка гораду Жанна Абрамава пратэставала супраць ейнага высяленьня з кватэры. У пікеце ўдзельнічалі таксама грамадзскія актывісты Юрка Бакур і Іван Стасюк.
Да месца пікету прыбылі каля 12 міліцыянтаў, якія загадалі прыбраць раскладанкі і пакінуць плошчу.
Праваабаронца Юрась Жыдовіч паведаміў «Радыё Свабода», што Жанну Абрамаву, Юрку Бакура і Івана Стасюка даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця.
«Відавочна, што пакуль міліцыянты цягнуць час, вядуць кансультацыі з начальствам пра магчымую меру пакараньня», — удакладніў Юры Жыдовіч.
Жанну Абрамаву, актывістку апазыцыі зь Берасьця, сёлета ў красавіку двойчы затрымлівалі па падазрэньні ва ўчыненьні нібыта крымінальнага злачынства (усе гэтыя справы пасьля былі спыненыя). У першым выпадку Жанну Абрамаву трымалі ў пастарунку 61 гадзіну, другі раз — 72 гадзіны.
У лістападзе паводле рашэньня суду Маскоўскага раёну Берасьця Жанну Абрамаву выселілі з кватэры, не прапануючы іншага жыльлёвага памяшканьня. Суд пагадзіўся зь меркаваньнем ЖЭСу, што Жанна была прапісаная ў дзяржаўнай кватэры паводле дамовы паднайму. А паколькі наймальніца, йная бабуля, памерла ў 2005 годзе, то дамова паднайму касуецца аўтаматычна.
З словаў праваабаронцы Юрыя Жыдовіча, фактычна выселілі ня толькі Жанну, але і ейную маці і дзьвюх сясьцёр — дарослую Інгу і шасьцігадовую хворую Марыяну.
Цяпер сям’я аспрэчвае правамоцнасьць рашэньня аб прымусовым высяленьні ў судзе вышэйшай інстанцыі.


