28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замест станцыі метро «Чырвоны бор» у Менску будзе «Віленская»?

5

У якасці працоўнай метрабудаўцы ўжо выкарыстаюць прыемную для многіх беларусаў назву будучай станцыі – «Віленская».

Будаўніцтва "Віленскай", якая працягне другую лінію метрапалітэна на захад, плануецца распачаць яшчэ няхутка - пасля 2012 года.

Але, як паведамілі сайту "Мы" у "Менскметрапраекце", зараз супрацоўнікі арганізацыі ўжо кіруюцца ў дакументацыі назвай "Віленская". Логіка, бясспрэчна, у гэтым ёсць - побач праходзіць аўтамабільная шаша ў накірунку Літвы.

Праўда, ва ўпраўленні культуры Менгарвыканкама адзначылі, што працоўная назва планаванага аб'екта можа быць і не зацверджаная пры ўводзе станцыі ў эксплуатацыю. Рашэнне будзе прымацца камісіяй па названні і пераназванні праспектаў, вуліцаў, плошчаў і іншых складовых частак Менска. "Казаць аб гэтым можна будзе толькі пасля з'яўлення эскізнага праекту станцыі", - адзначылі ў Менгарвыканкаме.

Трэба адзначыць, што ў "Менскметрапраекце" нагадалі аб пераназванні ў 2003 годзе станцыі метро "Ракаўская", якая будавалася, у "Спартыўную".

- Вось большасці супрацоўнікаў, напрыклад, падабалася назва "Ракаўская", - падкрэсліў суразмоўца. - Але рашэнне было прынятае - і ўсё.

Нагадаем, што прапанову аб пераназванні "Ракаўскай" выказаў на форуме афіцыйнага сайта Менгарвыканкама наведнік пад нікам "Міхаіл Майсеевіч, Галандыя". Назва "Ракаўская" у яго выклікала непрыемныя асацыяцыі з ракавай пухлінай.

У "Менскметрапраекце" спадзяюцца, што "Віленская" наўрадці зможа раптам выклікаць у простых наведнікаў форума якія-небудзь непрыемныя асацыяцыі.

У Менгарвыканкаме ўжо сумняюцца ў мэтазгоднасці назвы "Віленская".

- Вось, напрыклад, станцыя метро "Маскоўская". Калі яе адчынялі - усё было зразумела: ускраіна горада, маскоўскі накірунак. А зараз станцыя знаходзіцца, можна сказаць, недалёка ад цэнтра Менска. У многіх гэта выклікае здзіўленне, накіроўваюцца прапановы аб пераназванні. Але ніхто не задумваецца, у якія сумы гэта абыйдзецца, таму што побач ёсць яшчэ і аўтавакзал "Маскоўскі", назва фігуруе ў дакументах, таблічках і т. д.

Адзначым, што блытаніны, асабліва для прыезджых, дадае яшчэ і вуліца Маскоўская, якая знаходзіцца не побач са станцыяй метро "Маскоўская", а на іншым канцы горада - там, дзе размешчаная станцыя метро "Інстытут культуры".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках