29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША і Эўропа чакаюць канчатковага вызваленьня Казуліна

2

У заяве Дзярждэпартамэнту ЗША выказваюцца спадзяваньні на датэрміновы і канчатковы выхад на волю Аляксандра Казуліна, а таксама спачуваньні ў сувязі са сьмерцю яго жонкі Ірыны.

Як заявіў прэсавы сакратар амэрыканскага дзярждэпартамэнту Том Кейсі, “вельмі важна, каб вызваленьне Казуліна было канчатковым”. Калі ж палітвязьня вызваляць датэрмінова, то “ЗША будуць гатовыя пачаць дыялёг зь Беларусьсю адносна далейшых крокаў па паляпшэньні двухбаковага супрацоўніцтва”, паведамляе “Радыё Свабода”.

Ад імя Дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі таксама выказаў шкадаваньне, што Аляксандар Казулін апынуўся на волі толькі пасьля сьмерці ягонай жонкі Ірыны. Як паведамілі “Свабодзе” у прэсавых службах Эўракамісіі і Эўрапарлямэнту, за сытуацыяй, якая адбываецца ў Менску, уважліва сачыць і Эўразьвяз .

Паводле дэпутата Эўрапарлямэнту Бэрнда Посэльта, Эўразьвязу вельмі хацелася б спадзявацца на хуткае вызваленьне “апошняга беларускага палітвязьня”. “Аднак, дзе гарантыя, што на наступны тыдзень пасьля гэтага вызваленьня ў Беларусі ня будуць арыштаваныя ці затрыманыя новыя людзі?” -пытаецца Посэльт.

Як лічыць эўрапейскі палітык, гарантыю таго, што “беларускі грамадзянін ня будзе пакараны за свае палітычныя перакананьні” могуць даць “толькі грунтоўныя зьмены ў агульнай беларускай сытуацыі”.

Нагадаем, раней безумоўнага вызваленьня Аляксандра Казуліна патрабавалі сябры Камітэту па міжнародных справах Эўрапарлямэнту на чале з старшынём Яцэкам Сарыюшам - Вольскім. Яны, аднак, назвалі абуральным і антыгуманным тое, што цягам двух дзён пасьля сьмерці жонкі Казуліну не дазвалялі адбыць на пахаваньне.

Рашэньне ўладаў дазволіць Казуліну прысутнічаць на пахаваньні ягонай жонкі павітаў і міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Аднак зазначыў, што “толькі вызваленьне ўсіх палітвязьняў можа разглядацца ў якасьці перадумовы ў справе пакрокавага аднаўленьня стасункаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”. Штайнмаер падкрэсьліў. што паўнавартаснага супрацоўніцтва з Эўропай Беларусь можа дасягнуць “ на аснове эўрапейскіх каштоўнасьцяў, дэмакратыі і прынцыпу прававой дзяржавы”.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках