24 красавiка 2024, Серада, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брату Казуліна атрымалася вярнуць канфіскаваныя правы кіроўцы

5

Як паведамлялася раней, вяртанне Аляксандра Казуліна было датэрміновым, і да таго ж не абышлося без непрыемнасцяў. Да шчасця, усё скончылася добра.

Брату Аляксандра Казуліна Уладзіміру вернутыя правы і дакументы на аўтамабіль, канфіскаваныя невядомымі ў міліцэйскай форме на аўтастрадзе Берасце – Масква ўвечары 28 лютага, паведамляе БелаПАН.

У.Казулін накіроўваўся ў калонію "Віцьба-3", каб праводзіць брата, які вяртаўся туды пасля пахавання жонкі.

Па словах У.Казуліна, дакументы атрымалася вярнуць дзякуючы прадстаўніку Беларускага Хельсінкскага камітэта ў Віцебскай вобласці Паўлу Левінаву. "Там яго ўсе ведаюць, і ён ведае ўсіх. Ён патэлефанаваў дзяжурнаму УУС, той ператэлефанаваў праз пяць хвілін і паведаміў, што трэба ехаць у абласную ДАІ. Прыйшлося праехаць 100 км, рызыкуючы нарвацца на непрыемнасці", – сказаў У.Казулін у інтэрв'ю БелаПАН.

"У ДАІ мяне запрасілі ў пакой. Старэйшы лейтэнант стаў размахваць пратаколам, але пасля таго як я пералічыў парушэнні з боку міліцыі падчас майго затрымання, заявіў, што падам скаргу, і паведаміў, што ля будынка знаходзяцца журналісты з камерамі, ён адмовіўся ад сваіх намераў і нават папрасіў прабачэння", – адзначыў У.Казулін.

Машына, на якой ехаў брат А.Казуліна, была спыненая прыкладна ў 19.20 за перавышэнне хуткасці. "Мы ехалі ў калоне, наперадзе было тры або чатыры аўтамабілі, але спынілі чамусьці маю. Хутчэй за ўсё, была арыентоўка, – лічыць У.Казулін. – Падпісваць пратакол я адмовіўся. Супрацоўнікі роты хуткага рэагавання правялі ў машыне ператрус на прадмет наяўнасці наркотыкаў, зброі і боепрыпасаў.

Прадставіцца яны не пажадалі, а маёр у форме ДАІ назваў сябе Івановым Іванам Іванавічам. Мне заявілі, што мая машына знаходзіцца ў згоне, потым — што яе ўвогуле няма ў базе. Прапанавалі праехаць у Оршу праверыць аўтамабіль. У гэты час паступіла каманда "паехалі хутчэй", і людзі ў форме разам з дакументамі і правамі з’ехалі ў невядомым кірунку, не пакінуўшы неабходнага ў такіх выпадках талона. Я паспрабаваў іх спыніць, устаўшы пасярэдзіне дарогі, але яны мяне ледзь не збілі".

Назад у Менск У.Казулін змог адправіцца пасля 22 гадзін.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках