1 кастрычнiка 2020, Чацвер, 16:38
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

El Pais: Чавэс і Беларусь зьбіраліся ўзбройваць FARC

10

Згодна з інфармацыяй гішпанскай газэты, вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс спрабаваў узброіць калюмбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі.

Гэтыя меркаваньні заснаваныя на дакумэнтах, знойдзеных у кампутары забітага FARCаўскага лідэра.

Вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс, як мяркуецца, спрабаваў узброіць калюмбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі, – паведаміла ў суботу газэта El Pais, цытуючы дакуманты з кампутара забітага паўстанцкага лідэра.

Гішпанская газэта цытуе е-мэйл Івана Маркеса, лідэра Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі (FARC), датаваны 8 лютага, у якім гаворыцца, што Чавэс разглядаў зь беларускімі ўладамі магчымасьць прадстаўленьня зброі FARC.

Мяркуецца, што е-мэйл быў знойдзены ў здабытым кампутары намесьніка камандуючага FARC Рауля Рэеса, які быў забіты ў сакавіку, – піша El Pais.

У часткова закадаваным пасланьні ўзгадваўся нехта азначаны толькі як «беларускі сябар», якога El Pais ідэнтыфікуе як Віктара Шэймана, сакратара Рады Бясьпекі Беларусі.

El Pais дадала, што ў кампутарных пасланьнях узгадваліся іншыя магчымыя крыніцы паставак зброі (у прыватнасьці, ракетаў зямля-паветра) для FARC, улучна з «аўстралійскімі нелегальнымі гандлярамі».

El Pais — гэта левацэнтрысцкае выданьне, самае ўплывовае ў Гішпаніі. У сьнежні газэта пісала, што Вэнэсуэла зрабілася прытулкам для FARC і што паўстанцкія лягеры зьмяшчаюцца на яе тэрыторыі. Вэнэсуэла адмаўляе гэта.

The Wall Street Journal паведаміў у пятніцу, што афіцыйныя асобы ў выведцы ЗША пэўныя ў сапраўднасьці здабытых кампутарных файлаў, якія паказваюць цесныя повязі паміж Чавэсам і калюмбійскімі паўстанцамі.

У файлах апісваюцца сустрэчы паміж паўстанцкімі камандзірамі й высокапастаўленымі асобамі з Вэнэсуэлы, у тым ліку самім Чавэсам, – паведамляе газэта, у распараджэньне якой трапілі больш за 100 дакумэнтаў з кампутара Рэеса.

ФАРК вядзе партызанку ўжо 40 гадоў. Напачатку за ФАРК стаяла баявое крыло Кампартыі, але з часам, калі стала відавочна, што ФАРК скацілася да наркагандлю і бандытызму, камуністы разарвалі з ФАРК.

Прэзыдэнты Вэнэсуэлы і Эквадору, што прыйшлі да ўлады на хвалі антыамэрыканскага папулізму, здаўна ненавідзяць прэзыдэнта Калюмбіі — вернага саюзьніка ЗША, які абапіраецца на дапамогу Вашынгтону ў барацьбе супраць наркамафіі і партызанкі.

Вайна ў Калюмбіі спрыяе росту цэнаў на нафту ў сьвеце.

Вэнэсуэла настойвае, што файлы, здабытыя Калюмбіяй пасьля таго, як яна атакавала паўстанцкі лягер у Эквадоры, фальшывыя.

«Мы не прызнаём сапраўднасьці аніводнага з гэтых дакумэнтаў, – заявіў у інтэрвію The Wall Street Journal вэнэсуэльскі пасол у Злучаных Штатах Бэрнарда Альварэс. — Яны фальшывыя, і зьяўляюцца спробай дыскрэдытаваць вэнэсуэльскі ўрад».

Віктар Шэйман неаднакроць наведваў Вэнэсуэлы летась. Афіцыйна, ён адказвае за супольныя беларуска-вэнэсуэльскія праекты ў нафтаздабычы і будаўніцтве. Адкрытае беларуска-вэнэсуэльскае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва мае абмежаваны характар.

Антон Тарас, “Наша Ніва”, паводле замежнай прэсы