Беларусы выбіраюць Еўрапейскі Звяз (Фота)
16- 20.05.2008, 12:36
Па ўсёй Беларусі прайшлі акцыі пад лозунгам "За Еўрапейскую Беларусь". Акцыі прайшлі ў Берасце, Віцебску, Воршы, Баранавічах, Пінску, Лунінцы і іншых гарадах Беларусі.
Актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" вывешвалі расцяжкі, пашыралі інфармацыйныя матэрыялы, збіралі подпісы за далучэнне Беларусі да Еўразвяза.
18 траўня над адной з найвядомых мясцінаў Віцебску - Узгорку Славы -- была вывешана расцяжка "Беларусь у Еўропу".
У гэты ж дзень актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" зладзілі акцыю ў цэнтры горада, падчас якой раздавалі мінакам плыткі з фільмам "Плошча" пра паслявыбарныя падзеі ў Менску ў сакавіку 2006 года, буклеты "Што ЕЗ можа даць Беларусі", распаўсюджвалі налепкі з лагатыпам кампаніі і павязвалі сінія стужкі - знак еўрапейскай Беларусі.
Таксама 18 траўня ў Воршы актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" вывесілі на гарадскіх брамах нацыянальныя сцягі і ўпрыгожылі дарогі ў горад сінімі стужкамі.
- Мы гэта робім для таго, каб людзі, якія прыязджаюць у горад, ведалі, што яны прыехалі ў еўрапейскі горад, -- адзначалі ўдзельнікі акцыі.
У Берасці актывісты "Еўрапейскай Беларусі" зладзілі акцыі з расклейваннем налепак і развешваннем сініх стужачак. Паралельна з гэтым праводзіўся збор подпісаў за ўваход Беларусі ў ЕЗ.
У Лунінцы актывісты "Еўрапейскай Беларусі" упрыгожылі помнік, усталяваны ў гонар пабудовы чыгункі Лунінец-Вільня. Гэтак жа ў горадзе з'явілася вялікая колькасць налепак і сініх стужак. Па паштовых скрынях была раскідана вялікая колькасць улётак.
Падобныя мерапрыемствы прайшлі ў Баранавічах. У горадзе таксама пашыраліся інфармацыйныя матэрыялы пра Еўрапейскі Звяз.
За мінулыя выходныя ў Пінску прайшло некалькі акцыяў у падтрымку кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Горад быў упрыгожаны сінімі стужкамі. Сярод грамадзянаў пашыраліся буклеты і ўлёткі ў падтрымку еўрапейскай кампаніі, раздаваліся плыткі "Плошчы", гэтак жа вёўся збор подпісаў за ўваход Беларусі ў ЕЗ. У цэнтры горада была вывешана расцяжка "Еўрапейская Беларусь", якая правісела больш за гадзіну і была заўважана тысячамі пінчан.

Віцебск

Віцебск

Віцебск

Пінск

Пінск

Пінск

Пінск

Пінск

Лунінец

Лунінец

Берасце

Берасце

Ворша