17 траўня 2024, Пятніца, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З-за малых заробкаў беларускія дактары зьяжджаюць у Маскву

7

29 траўня Аляксандар Лукашэнка наведаў менскі гарадзкі клінічны шпіталь хуткай дапамогі і заявіў пра высокі ўзровень беларускай медыцыны.

Ці дастаткова рэсурсаў выдаткоўваецца сёньня на мэдыцыну, колькі зарабляюць беларускія мэдыкі? Якія галоўныя праблемы стаяць цяпер перад сыстэмай аховы здароўя? На пытаньні “Радыё Свабода” адказвае доктар-нэўроляг бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі ў Магілёве Васіль Аўраменка.

- Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што сёньня на ахову здароўя выдаткоўваецца вялікая колькасьць сродкаў. Ці мэдыкі задаволеныя фінансаваньнем мэдыцыны? Як гэтыя аб’ёмы можна параўнаць з іншымі краінамі?

- У краінах Эўропы на ахову здароўя ідзе ад 10 да 14 працэнтаў. У нас гэтая лічба апошнія гады спынілася на 4 працэнтах. Дарэчы, раней яна была большая -- былі гады, калі і 5 і 6 працэнтаў ішло на мэдыцыну. Так што тут Беларусі хваліцца няма перад кім. Адпаведна і няма ў мэдыцыне такой сфэры і спэцыяльнасьці, дзе былі б задаволеныя і казалі – так, у нас усяго хапае.

- У эўрапейскіх краінах, тым больш у ЗША, а цяпер ужо і ў Расеі дактары ёсьць прывілеяванай прафэсіяй, яны добра зарабляюць. А колькі зарабляюць беларускія дактары?

- Статыстыка паказвае, што беларускія дактары зарабляюць цяпер каля 400 даляраў – не нашмат вышэй за сярэдні ўзровень заробку па краіне. У Маскве цяпер прапаноўваюць нашым лекарам заробкі большыя ў 5-6 разоў, і дарэчы, многія беларускія дактары туды ўжо зьехалі – на жаль, гэта такая мода апошніх гадоў. Так што ў Беларусі грошы ў параўнаньні з суседнімі краінамі зусім невялікія.

- Калі бы вы былі міністрам аховы здароўя, ці прынамсі, тым чалавекам, які вырашае, куды разьмеркаваць дзяржаўныя рэсурсы – куды б вы іх накіравалі ў першую чаргу? Які праблемы ў сёньняшняй беларускай мэдыцыне самыя балючыя?

- Я б найперш большы працэнт сродкаў выдаткоўваў на ніжэйшае зьвяно, у рэгіёны – там, зьнізу, лепш відаць усе слабыя месцы. Але кардынальна праблема ў іншым.

Незадаволенасьць мэдыцынай сёньня ёсьць з двух бакоў. Па-першае, пацыенты, іхнія патрабаваньні растуць і працаваць зь ім усё больш складана. Ранейшага кантакту паміж доктарам і пацыентам цяпер няма. Але лекары таксама незадаволеныя – найперш заробкам, але ня толькі гэтым. На іх ціснуць зьверху, патрабуюць паказьнікаў, скарачэньня койка-дзён і гэтак далей. Створаная вельмі напружаная і нэрвовая атмасфэра.

Выйсьце мне бачыцца ва ўвядзеньне элемэнтаў эканамічных адносінаў у нашу мэдыцыну. Гэта можа адбыцца толькі праз увядзеньне страхавой мэдыцыны. Ёсьць шмат усялякіх сыстэм, якую зь іх абраць – гэта варта вырашаць, але частку з тых сродкаў, якія сёньня выдаткоўваюцца, я б накіраваў на падрыхтоўку пераходу да страхавой мэдыцыны.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках